Справы ў юных 16-гадовых аршанцаў ідуць не надта каб добра. Юнацкая каманда як заўсёды адчувае патрэбу ў сродках і ўмовах, у турнірнай табліцы пакуль займае перадапошняе месца. Горш у чэмпіянаце 1-й лігі ў групе В чэмпіянату Беларусі ідзе толькі "Колас", які прайграў усе папярэднія 10 матчаў з агульнай розніцай забітых і прапушчаных галоў 0-82. У "Оршы" сітуацыя кепская, розніца галоў таксама ганебная: 8-48.
Аднак у хатнім матчы з "Коласам" "сіня-белыя" юнакі будуць фаварытамі. Умовы ў "Коласа" яшчэ горш, а востры дэфіцыт кадраў не дазваляе нешта змяніць у камандзе, якая прапускае ў сярэднім больш за восем галоў за гульню, а сама не забівае ніколі. Лідэры групы "Іслач" і "Смалявічы" знаходзяць грошы не толькі на дарослую каманду, але і дбаюць пра юнакоў. У групе А, дарэчы, гуляе юнацкая каманда сталічных "Крумкачоў", на ўтрыманне якой бізнэсоўцы з Менску знаходзяць грошы.
Юнацкая каманда "Оршы", складзеная з гульцоў 2001-2002 гадоў нараджэння прайграла матч абласных спаборніцтваў у Чашніках мясцовым равеснікам 1:3.