Гомельскі "чыгункатранс" у гэтым сезоне з'яўляецца адным з трох асноўных прэтэндэнтаў на павышэнне ў класе, відаць па ўсім, у камандзе сур'ёзна разлічваюць на першы ў пакуль кароткай гісторыі клуба выхад у Вышэйшую лігу. Аршанцы, хоць і гулялі на сваім полі, фаварытамі паядынку не былі.
Першы тайм прайшоў пад дыктат ГЧТ, ужо на першых хвілінах гульні аршанцы выбівалі мяч з самай лініі брамы. Прэсінг і вострыя атакі ГЧТ працягваліся і ў другой палове, аднак у другім тайме аршанцы хаця б навучыліся пераходзіць у контратаку, часам сур'ёзна пагражаючы браме гомельскага галкіпера Сілівончыка. На 67-й хвіліне Архіпцаў вывеў ГЧТ наперад, справы аршанцаў пайшлі кепска. Наперадзе замаячыла верагоднасць першай хатняй паразы ў чэмпіянаце.
Аднак "Оршу" ўратаваў Мікалай Кітаёў. Форвард, які цяпер не заўсёды выходзіць на поле, выйшаў на замену замест пакуль галоўнага бамбардзіра Аляксея Хадневіча, у якога мала атрымлівалася гульня. І замена, зробленая Юрыем Канаплёвым, апраўдала сябе. На 2-й кампенсаванай да матчу хвіліне Кітаёў удала скарыстаўся момантам і прабіў гамельчукоў - 1:1! "Сіня-белыя" ўратавалі нічыю на апошніх хвілінах, як гэта было і два тыдні таму ў хатнім паядынку з менскім "Тарпеда", дзе гаспадары сышлі ад паразы дзякуючы дакладнаму стрэлу капітана Дзмітрыя Вусачова на 90-й хвіліне.
Склад "Оршы": Камінскі – Вусачоў, Пракопчык, Мараў, Магаль, Жданок (Шарыпа, 88), Чарнуха, Суздальцаў (Зямко, 46), Знак (Галоўчык, 76), Грачыха, Хадневіч (Кітаёў, 81).
Аднак пастаянныя нічыі не дазваляюць "Оршы" павышацца ў табліцы. Наадварот, каманда паступова губляе пазіцыі і ўжо апусцілася на 9-ты радок.