Рэкорд Беларусі ў бегу на 100 метраў з бар'ерамі ўсталявала Лідзія Юркова на дыстанцыі ў Кіеве. Гэта адбылося яшчэ ў 1990 годзе. Нягледзячы на прагрэс Аліны Талай, рэкорд ніхто доўга не мог пабіць. Аршанка падбіралася да запаветных лічбаў, аднак час 12,66 заставаўся найлепшым на ўсе часы.
Нарэшце, Талай удалося пераўзысці гэтыя лічбы і зноў упісаць у гісторыю беларускага спорту сваё імя! На міжнародных спаборніцтвах у нямецкім горадзе Рэгенсбург Аліна Талай перамагла з часам 12,63 секунды! Ёсць новы рэкорд!
Аліна Талай займае 5-е месца ў сусветным рэйтынгу за 2016 год, штомесяц паляпшае свае вынікі і ўзмоцнена рыхтуецца да Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра. Для заваявання алімпійскіх медалёў у Бразіліі Аліне неабходна будзе пабіць нацыянальны рэкорд зноў — вынікі на міжнароднай арэне цяпер вельмі высокія.