У суперніках у "сіня-белых" быў сціплы клуб з 2-й лігі ЮАС, які сёлета пакуль не атрымаў ніводнай перамогі ў сезоне і прайграў усе свае пяць матчаў. На пачатку гульні жыткавіцкі калектыў спрабаваў дзейнічаць на контратаках, аднак паўабарона і абарона "Оршы" ўдала спраўляліся з усімі праблемамі. Моманты ў нашай каманды былі з самага старту, аднак першага голу давялося чакаць доўга. Нарэшце, на 28-й хвіліне Дзмітрый Вусачоў зняў замок з брамы гаспадароў. Як высветлілася, гэта быў толькі пачатак. На 39-й хвіліне Пракопчыка ўзнагародзілі жоўтай карткай, але гэта быў бадай адзіны непрыемны момант для нашай каманды за матч. На 41-й Максім Грачыха забіў дэбютны гол за "Оршу", зрабіў лік 2:0 на карысць клуба і каманды сышлі ў распранальні.
Другі тайм адразу пачаўся з новых атак аршанцаў. На 56-й Уладзіславу Знаку ўдалося забіць. Апошняя чвэрць гадзіны сталася для жыткавіцкай каманды самай няўдалай. Адбіўся клас футбалістаў "Оршы" і іх лепшая фізічная падрыхтоўка. На 75-й Хадневіч, на 82-й Пракопчык, на 86-й Гігевіч і на 90-й зноў Хадневіч падвялі рысу пад матчам. "Орша" забівае чатыры мячы ў апошнія хвіліны і перамагае 7:0.
Склад "Оршы": Камінскі (Гудзенка, 72), Вусачоў (Жданок, 46), Пракопчык, Данілкоў (Магаль, 46), Суздальцаў, Шыбека, Грачыха, Знак, Гігевіч, Мараў (Шарыпа, 46), Кітаёў (Хадневіч, 46).
Лёсаванне 1/16 фіналу Кубка Беларусі адбудзецца 13-га чэрвеня ў Менску. З гэтай стадыі ў барацьбу ўступяць каманды Вышэйшай лігі, адна з якіх дастанецца і "Оршы".