Чэмпіянат Беларусі стане адным з апошніх стартаў аршанскай спрынтаркі пры падрыхтоўцы да Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра. У Гародні збярэцца ўвесь сок беларускай лёгкай атлетыкі, не будзе хіба дзесяціборца Андрэя Краўчанкі - адна з галоўных медальных надзей Беларусі на Алімпіядзе атрымаў рэцыдыў траўмы і прапусціць бліжэйшыя старты, у тым ліку й саму Алімпіяду.
На чэмпіянаце Беларусі, які адбудзецца ў Гародні, Аліна Талай выступіць у бегу на 100 метраў з бар'ерамі. Старт спаборніцтваў прызначаны на 10:55 24-га чэрвеня. Гэта будзе паўфінал. Фінал стаіць у вечаровай праграме таго ж дня, пачатак а 17:50.
Выступіць на чэмпіянаце і аршанец Віталь Парахонька, у бегу на 110 метраў з бар'ерамі. Узімку ён заваяваў срэбраны медаль чэмпіянату краіны ў закрытых памяшканнях на дыстанцыі 60 метраў з бар'ерамі. Пачатак бар'ернай спрынтарскай праграмы ў мужчын-бегуноў а 10:00 24-га чэрвеня. Фінал дыстанцыі прызначаны на 17:40.