У матчы 11-га туру чэмпіянату Беларусі па футболе ў 1-й лізе "Орша" прымала на сваім стадыёне магілёўскі "Дняпро". Летась матч у Оршы прынёс поспех магілёўцам 2:0. Такі лік быў зафіксаваны і на гэты раз. На 28-й і 69-й хвілінах за "Дняпро" вызначыўся гулец з Расеі Мурат Хотаў, які мае вопыт выступлення і ў Вышэйшай лізе нашага чэмпіянату за наваполацкі "Нафтан".
Склад "Оршы": Камінскі - Вусачоў, Пракопчык, Лебедзеў, Шарыпа (Знак, 57), Магаль, Гігевіч (Мараў, 70), Зямко, Жданок (Шыбека, 76), Грачыха, Хадневіч (Кітаёў, 78).
Аршанцы мелі некалькі добрых момантаў за матч. Самы верны шанец вызначыцца ўпусціў у другім тайме Яўген Пракопчык - пасля падачы вуглавога ён біў галавой з аднаго метра! Дзіўна, але з такой адлегласці забіць не ўдалося - мяч пайшоў вышэй за браму. Таксама некалькі момантаў яшчэ мелі і госці, але павялічыць лік ім не дазволіла абарона "сіня-белых". Параза "Оршы" 0:2. Парадавалі на матчы і фанаты, якіх было нямала. З Магілёва ў нашым гораде высадзіўся немалы "дэсант" у колькасці больш за сотню чалавек, "Оршу" падтрымлівала каля 40 актыўных фанатаў. Разам яны стварылі жывую атмасферу на матчы.
"Орша" прайграла другі матч у чэмпіянаце - раней аршанцы саступалі ў гасцях "Смаргоні", таксама ўсухую - 0:3. Пасля 11 тураў "Гомель" і "Дняпро" аформілі адрыў ад супернікаў і ўпэўнена займаюць два першыя радкі турнірнай табліцы. "Орша" апусцілася з 5-га на 6-е месца.