“Орша” ніколі не выходзіла ў 1/8 фіналу Кубка Беларусі. Чакаць гэтага давядзецца яшчэ як мінімум год. На сваім полі ў 1/16 фіналу аршанцы прымалі ФК “Мінск”. Каманда з Вышэйшай лігі аказалася на галаву мацнейшай за “сіня-белых”, а гаспадары не здолелі нават паказаць, за кошт чаго яны збіраліся праходзіць суперніка і ці збіраліся наогул. З самага стартавага свістка госці захапілі мяч і завалодалі ініцыятывай. Амаль адразу пайшлі галявыя моманты. Нападнік сталічнай дружыны Ковель небяспечна прабіваў штрафны – Камінскі ў ніжнім куце здолеў парыраваць удар на вуглавы. Аршанцам не давялося пратрымацца нават паўгадзіны. На 28-й хвіліне Еўдакімаў адкрыў лік у сустрэчы – 0:1. Праз дзесяць хвілін Леанід Ковель скарыстаўся няўпэўненасцю абароны “ільняных”, без перашкодаў апрацаваў мяч і прабіў Камінскага ў другі раз з блізкай адлегласці. З такім лікам і амаль поўнай безнадзейнасцю ў атацы “Оршы” каманды сышлі ў распранальні.
У другім тайме нават слабую надзею трыбун на выпраўленне сітуацыі зруйнаваў гол на 62-й хвіліне. Спачатку Магаль лёгка даў прабіць суперніку, удар хоць і выйшаў слабым, але мяч Камінскі адбіў перад сабой. Пракопчык, які імкнуўся перашкодзіць Ковелю зрабіць дубль, зрэзаў мяч у сваю браму, аўтагол і ўжо 0:3. На замены ў “Мінска” выйшлі юныя выхаванцы футбольнай школы, аднак сітуацыю на полі гэта ніяк не змяніла. Аршанцы мелі літаральна два моманты, каб забіць гол, але і тое не скарысталіся імі. Самы верны эпізод быў у Хадневіча, якога вывелі сам-насам з Клімовічам, аднак форвард прамалінейна прабіў проста ў галкіпера. Скончыліся пакуты аршанцаў тым, што на 79-й хвіліне ніхто не перашкаджаў Васільеву адгукнуцца на перадачу ў штрафной і прабіць па браме. “Орша” саступае 0:4 і бясслаўна вылятае з Кубка Беларусі. Дастойнай гульні ў каманды Юрыя Канаплёва не атрымалася, “Орша” і блізка не навязала канкурэнцыі суперніку.
Склад "Оршы" ў матчы: Камінскі, Вусачоў, Пракопчык, Лебедзеў (Шыбека, 46), Шарыпа (Данілкоў, 61), Магаль, Грачыха, Мараў (Кітаёў, 80), Зямко, Галоўчык (Хадневіч, 57), Саколка (Гігевіч, 58).