13 ліпеня праз тэрыторыю Беларусі праходзіў вельмі кантрасны атмасферны фронт. Калі ў Гродна, Нарачы і Лынтупах ў 15 гадзін дня было ўсяго +14...+16 градусаў, то ў той жа самы час у Гомельскай вобласці - Гомелі, Жлобіне, Брагіне тэрмометры паказвалі +32...+ 34. Вось фронту была накіравана з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, пакідаючы ў паўночна-заходняй частцы Беларусі халоднае паветра, а ў паўднёва-ўсходняй - гарачае. Халоднае паветра наступала з хуткасцю прыкладна 50 кіламетраў у гадзіну, а цёплае адступала, г.зн. фронт з'яўляўся халодным.
З-за вельмі вялікай розніцы ў тэмпературах канвенцыя развілася да вышынь 15-18 км. Менавіта на такую вышыню падняліся магутныя ячэйкі навальнічных аблокаў. З імі былі звязаны смерчы, град і іншыя экстрэмальныя з'явы надвор'я. Ссоўваліся яны паралельна восі фронту з паўднёвага захаду на паўночны ўсход.
Ураган захапіў толькі заходнюю частку Оршы. На метэастанцыі ў паўднёва-ўсходняй частцы горада адзначаны толькі вецер 20 метраў у секунду і дождж 11 міліметраў. У цяперашні час ўмовы для паўтарэння падзей 13 ліпеня ў нашым рэгіёне адсутнічаюць.