На знакамітай трасе “Баравая” пад Менскам адбыўся ІІІ этап чэмпіянату і першасці Беларусі па мотакросе. На гонкі пад Менск завіталі таксама майстры мотакросу з Нямеччыны, Літвы і Расеі. Варта адзначыць, што этап быў экстрымальным з-за ўмоваў надвор’я – над “Баравой” збіралася навальніца, блішчэла маланка. Некалькі заездаў былі адкладзены, некалькі нават спынены арганізатарамі на сярэдзіне з-за непагадзі.
Аднак ніякае надвор’е не зашкодзіла выйграць аршанцам – у класе 65 см.3 у дзяўчын аршанка Вікторыя Гаравец святкавала перамогу, апярэдзіўшы Лізу Селязнёву з Менска і Дыяну Іванову з Гародні. У класе матацыклаў 85 см.3 першае месца заваяваў ужо вопытны гоншчык Арцём сазанавец. Аршанцу ўдалося “абставіць” на дыстанцыі Даніэля Валовіча з Гародні і менчука Кірыла Кадоркіна.