Два гульцы дублюючага складу “Віцебска” да канца сезону-2016 будуць гуляць у арэндзе за “Оршу”. Гэта пацвердзіў дырэктар клуба Вышэйшай лігі Мікалай Вайцюхоўскі. У гэтым сезоне паўабаронцы Аляксандр Кучараў і Захар Волкаў не прабіваліся ў асноўны склад “Віцебска”. Пра першага вялікай інфармацыі на сайце “Віцебска” няма, а вось Захар Волкаў правёў 10 матчаў за дубль гэтага клуба, прычым без замены. За гэты час ён забіў адзін гол і зарабіў адну жоўтую картку.
На фота: Захар Волкаў.
Абодва паўабаронцы маюць дзейныя кантракты з “Віцебскам” на сезон-2017, а пакуль да лістапада будуць выступаць за “Оршу” пад кіраўніцтвам Юрыя Канаплёва, які да прыходу ў “Оршу” доўгі час узначальваў якраз “Віцебск”.
У той жа час нападнік “Оршы” Яўген Зямко знаходзіцца ў Мікашэвічах. Пасля прайгранага матчу менскаму “Промню” 1:5 форвард адправіўся на прагляд у мікашэвіцкі “Граніт”. Калі Зямко спадабаецца трэнерскаму штабу палешукоў, “Орша” расстанецца з адным з гульцоў асновы.