На матчы 12-га туру чэмпіянату Беларусі ў 1-й лізе, калі "Орша" гуляла на выправе ў Менску супраць "Промня" (1:5), наша каманда прыбыла ў сталіцу без другога галкіпера. Асноўны брамнік Вячаслаў Камінскі перад тым матчам захварэў, а Яўген Гудзенка быў выдалены ўжо на 27-й хвіліне. У выніку браму да канца той гульні абараняў намінальны форвард Аляксей Хадневіч. Галоўны трэнер "Оршы" Юрый Канаплёў па слядах той гульні выказаўся, што ў горадзе няма брамнікаў нармальнага ўзроўню. Тым не менш, ужо на матчы са светлагорскім "Хімікам" на лаўцы запасных аршанцаў з'явілася новае імя. Вячаслаў Камінскі пасля хваробы вярнуўся на поле, а Яўген Гудзенка матч прапускаў з-за дыскваліфікацыі. У выніку месца запаснога брамніка заняў галкіпер Сяргей Камароў, які да таго абараняў колеры "Лакаматыва" на першасці Оршы. Пакуль невядома, ці часовая гэта мера, ці брамнік з гарадскога чэмпіянату стала будзе трэніравацца з "сіня-белымі".
"Лакаматыў" - найстарэйшы з існуючых па сённяшні час футбольны клуб Оршы. Ён, як вынікае з назвы, прадстаўляе чыгунку. Заснаваны ў 1939 годзе, у той час як "Старт" (цяперашняя "Орша") у 1951-м. У 1939-м "Лакаматыў" згуляў у Кубку БССР. У 1953-м годзе заваяваў Кубак Калінінскай чыгункі, а ў 1968-м заваяваў Кубак беларускай чыгункі. Цяпер выступае ў чэмпіянаце горада. У сезоне-2016 пакуль мае 4 гульні і 4 перамогі, 2 прапушчаныя мячы.