03:00

-1

2 м/с

979 гПа

06:00

-1

3 м/с

978 гПа

09:00

-1

5 м/с

979 гПа

12:00

-0

5 м/с

981 гПа

15:00

-0

5 м/с

982 гПа

Орша, Спорт

Усё паводле плану альбо рух без вектару?

28.07.2016 10:57

3643 прагляду, 52 каментара

Вынікі першай паловы сезону-2016 для футбольнага клуба “Орша” ў матэрыяле журналістаў orsha.eu.

Чэмпіянат 1-й лігі Беларусі-2016 падышоў да свайго экватару. Час падвесці пэўныя вынікі для галоўнай каманды нашага старажытнага горада. На вялікі жаль, пазітыўнага праглядаецца мала. Новы трэнерскі штаб на чале з Юрыем Канаплёвым і памочнікамі Васілём Дзятлавым і Сяргеем Чавідаевым карэнным чынам змяніў перад чэмпіянатам склад каманды, аднак сезонная крывая ў “сіня-белых” і пры новых трэнерах атрымоўваецца такая ж, як і ў іхных папярэднікаў. Стартуе “Орша” традыцыйна някепска, адбірае пункты нават у лідэраў турнірнае табліцы, а потым пачынаецца падзенне долу. Улетку аршанцы перастаюць спраўна набіраць пункты, часцяком “валяцца” ў звычайных матчах, апускаюцца ў табліцы. Так адбываецца і на гэты раз, што прымусіла многіх заўзятараў расчаравана ўзгадаць трэнерскую біяграфію Юрыя Канаплёва, які нічога сур’ёзнага не дамогся ані з “Віцебскам”, ані з “Гомелем”.

Ужо ў першым туры “Орша” здабыла нечаканы і прыемны пункт, згуляўшы ўнічыю ў гасцявым матчы з “Гомелем”. Затым клуб стаў праводзіць многія гульні, у якіх яму шанцавала здабыць нічыю, у тым ліку хатні матч з менскім “Тарпеда”. Яскрава праявілі сябе аршанцы ў канцы паядынку супраць “Смалявічаў”, тая выправа складвалася зусім не паводле сцэнару аршанцаў, яны саступалі 0:2 і паказвалі вельмі шэры футбол, аднак за апошнія 4 хвіліны забілі двойчы і сышлі ад, здавалася, заканамернай паразы. 18-га і 26-га чэрвеня аршанцы здабылі дзве запар выязныя вікторыі, над аўтсайдэрам “Ашмянамі” 4:1 і ў прынцыповым паядынку з кволымі цяпер “Баранавічамі” 1:0.

Аднак заканчэнне першага кола чэмпіянату прыйшлося на заняпад моцы. “Орша” без варыянтаў прайграла магілёўскаму “Дняпру” дома і менскаму “Промню” ў гасцях, паміж гэтымі матчамі быў яшчэ і паядынак 1/16 фіналу Кубка Беларусі, у якім аршанцы выступілі зусім слаба і не склалі канкурэнцыі камандзе “Мінск” з Вышэйшай лігі – 0:4. У той час, калі многія “калегі” па першай лізе альбо выбілі каманды вышэй за сябе рангам ці хаця б паказалі дастойную гульню. Нарэшце, у апошняй сустрэчы першага кола на сваім полі “Орша” згуляла ўнічыю са светлагорскім “Хімікам” 1:1, хаця цэлых 63 хвіліны гуляла ў большасці. За некалькі дзён да заключнай гульні першага кола адзін з вядучых футбалістаў Яўген Зямко пакінуў клуб і далучыўся да мікашэвіцкага “Граніта”, а праз некалькі дзён афіцыйна аформіў кантракт з новай дружынай. Так “Орша” страціла аднаго з лепшых атакуючых гульцоў, які, дарэчы, і прынес гасцявую перамогу над “Баранавічамі”.

Гульнёй каманды вельмі незадаволеныя трыбуны, на матч з “Хімікам” прыйшлі не болей за 500 гледачоў – такая малая наведваемасць хатніх матчаў у Оршы здараецца рэдка. Адной з галоўных прэтэнзій заўзятараў “ільняных” да Юрыя Канаплёва і яго асістэнтаў з’яўляецца кадравая палітыка. Адзінай задачай, пастаўленай перад “Оршай” на сезон, было замацавацца ў 1-й лізе. Пад гэтую справу былі купленыя многія гульцы “з імем” і яшчэ некалькі перспектыўных навічкоў. Акрамя вышэйзгаданага Зямко, ніхто з навічкоў не праявіў сябе, хіба што лепшы бамбардзір 1-й лігі мінулага года Аляксей Хадневіч, якога на многіх матчах прызначалі капітанам. Хадневіч пакуль лепшы бамбардзір “Оршы”, на ягоным рахунку 7 галоў, але 3 з іх забітыя з пенальці. Па ўпушчаных момантах Аляксей, верагодна, лідэр чэмпіянату. Цяжка ўявіць, на колькі радкоў “Орша” магла быць вышэй, калі б Хадневіч не марнаваў столькі момантаў. У матчы з “Промнем” Хадневіч стаў на браму, бо наша каманда прыехала ў Менск толькі з адным брамнікам, які быў выдалены з поля па ходу гульні.

Хадневіч у лідэрах каманды і па праведзеных матчах – ён і Яўген Пракопчык згулялі ва ўсіх 13 матчах першага кола, выходзячы на поле са стартавых хвілін. Максім Грачыха, Уладзіслаў Знак і Дзмітрый Жданок таксама згулялі ва ўсім чортавым тузіне гульняў першага кола, аднак нярэдка заставаліся ў запасе, выходзячы на замены. Вядомыя футбалісты, купленыя ў каманду перад сезонам, пакуль не ўражваюць, часткова праз тое, што “Орша” нерэгулярна трэніруецца ўсёй камандай, частка гульцоў прыязджае толькі на перадгульнявыя трэніроўкі і самі матчы, адпаведна, часу згуляцца і стаць адзіным цэлым у гульцоў не так шмат. Тады навошта было запрашаць вядомых футбалістаў? Калі Хадневіч яшчэ выкупляе свае змарнаваныя моманты галамі, паўабаронцаў судзяць больш строга. На аршанскім стадыёне рэдка пачуеш захапленне дзеяннямі вядомых футбалістаў Максіма Грачыхі і Сяргея Гігевіча, пакуль гэтыя вінцікі не спрыяюць узмацненню каманды, нягледзячы на свой “зорны” па мерках 1-й лігі стан. Да іх гульні ўзнікае шмат пытанняў.

Асноўнымі ж прэтэнзіямі па выбары кадраў з’яўляюцца аршанцы. Прыхільнікі нашага клуба не звыкліся да вялікіх бюджэтаў, затое “Оршы” было ўласціва мець у саставе вялікую колькасць уласных выхаванцаў. Гады мінулі, пакаленні змяніліся і выявілася, што юных аршанцаў, здольных папоўніць аснову, мала. Аднак яны былі пры Аляксандры Ладзяным, якога звольнілі пасля мінулага сезону. Новы ж трэнерскі штаб фактычна усунуў аршанцаў ад галоўнай каманды. Адзіным гульцом асновы застаўся Уладзіслаў Знак, праўда, з выніковасцю ва Ўлада не вельмі. За 13 праведзеных матчаў атакуючы паўабаронца пакуль яшчэ не забіў ані голу. Хаця за мінулы час прывучыў заўзятараў да таго, што забівае важныя мячы.

Як справы іншых аршанцаў? Дзмітрый Суздальцаў правёў 6 матчаў, Мікалай Кітаёў пакуль здавольваецца выхадамі на замену – ветэран-бамбардзір згуляў толькі ў 4 матчах і забіў 1 гол. Віталь Данілкоў з’явіўся на полі 3 разы, Аляксей Казарын толькі 1 раз. Паўабаронца Андрэй Раманаў, які днямі адсвяткаваў паўналецце, яшчэ два гады таму дэбютаваў за “Оршу” пры Аляксандры Ладзяным. Цяпер жа хаўбэк знаходзіцца ў камандзе чыста намінальна – за трынаццаць матчаў Раманаў так і не атрымаў ад трэнера нават хвіліны гульнявога часу. Акрамя 0 матчаў адзначым, што Раманаў пры Канаплёве не трапляе нават на лаўку запасных. Ягоны ж равеснік Волкаў, узяты ў арэнду да канца сезону з “Віцебска”, атрымаў шанец праявіць сябе ўжо адразу пасля прыезду.

Адказнасць за вынік нясе галоўны трэнер. Пакуль у гэтай справе Юрыю Канаплёву мала чым можна адстаяць сваю пазіцыю – “Орша”, якая істотна павялічыла бюджэт у міжсезонні, практычна не выкарыстоўвае аршанскіх футбалістаў, што прынцыпова для аршанскай публікі, а 8-е месца ў табліцы з 14 каманд мала адпавядае ўяўленням пра “добры ход па чэмпіянаце”. Галоўны трэнер мае цэлыя тры тыдні на выпраўленне сітуацыі, але калі не справіцца, рызыкуе сваёй рэпутацыяй і папулярнасцю сваіх падапечных, якіх з такой гульнёй будуць падтрымліваць усё меней і меней гледачоў. Тады наведваемасць ніжэй за 1000 чалавек на матчы ўвойдзе ў звычку. А гуляць пасля перапынку 13-га жніўня трэба будзе супраць “Гомеля”, які ўпэўнена імчыць да Вышэйшай лігі. “Зялёна-белыя” ані разу не прайгралі і набралі 35 пунктаў, магілёўскі “Дняпро” мае 34, а трэцяе месца саступае двум лідэрам ужо цэлых 9 балаў. “Орша” саступае гамельчукам ужо 19 пунктаў. Наша каманда – самая міралюбная ў лізе, так часта – 7 разоў – унічыю ніхто яшчэ не гуляў. Рызыкуем памеркаваць, што калі гульня “Оршы” не зменіцца, і вынікі не прыйдуць, дзейны трэнерскі штаб пазбавіцца працы ўжо ў канцы лета.

Падпішыся на навіны!

Падпішыся на навіны Оршы і рэгіёну і будзь першым, хто даведаецца самае важнае і цікавае

Обсуждение новости: Усё паводле плану альбо рух без вектару?

Вынікі першай паловы сезону-2016 для футбольнага клуба “Орша” ў матэрыяле журналістаў orsha.eu.

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение