У Чэхіі на трасе "Локет" адбыўся чарговы этап чэмпіянату свету па мотакросе. У яго рамках адбыўся і юніёрскі чэмпіянат Еўропы-2016. Удзел у ім прынялі трое беларусаў - Алег Махноў з Ваўкавыска ў класе 65 куб.см, Даніэль Валовіч з Гародні і Арцём Сазанавец з Оршы ў класе 85 куб.см. Ніводнаму з іх не ўдалося ўвайсці ў топ-10, у выніку Махноў і Валовіч занялі месцы ў чацвёртым дзясятку. Пра выступ аршанца - падрабязней.
Арцём адбіраўся на чэмпіянат Еўропы з занальных спаборніцтваў. Беларусь выступала ў адной зоне з Украінай, Латвіяй, Эстоніяй, Літвой, Расеяй і Польшчай. У выніку Арцём Сазанавец выйграў гэтую паўночна-ўсходнюю зону, хаця выступаў на матацыкле, горшым па характарыстыках за тэхніку сваіх канкурэнтаў!
У фінальным турніры сустрэліся ўжо гоншчыкі з усяго кантыненту. Наш Арцём пачынаў заезды добра, трымаўся сярод лепшых дзесяці спартоўцаў, аднак затым саступаў супернікам. У першым заездзе ён стаў 12-м, а ў другім фінішаваў 11-м. У выніку Сазанавец стаў 11-м на чэмпіянаце Еўропы.
Вось відэазапіс першага з двух заездаў.