У групе "А" засталося згуляць яшчэ тры матчы. 31-га ліпеня "Сельхоз Юнайтед" саступіў 1:10 "Алмазу", "Імпульс" у важным паядынку перамог "Флёрава" 11:5. Калі ад першай гульні мала залежала турнірнае становішча каманд, бо абодва калектывы прабіліся ў 1/4 фіналу, то ад другой сустрэчы залежаў лёс каманды, якая... не прымала ўдзелу ў гульні. Калі б "Флёрава" згуляла хаця б унічыю з супернікамі, тады здолела б прабіцца ў плэй-оф. Але даволі нечаканая для многіх параза з буйным лікам ад нестабільнага "Імпульса", і "Флёрава" застаецца на 5-м месцы, не здолеўшы апярэдзіць у табліцы "Витязей", у якіх лепш розніца забітых і прапушчаных галоў.
Аднак "Витязи" яшчэ не прабіліся ў плэй-оф - перамога "ЮНІ-2" над "Льнухай" можа пакінуць іх без барацьбы за ўзнагароды."ЮНІ-2" у выпадку перамогі зойме 4-е месца і праб'ецца ў чвэрцьфінал турніру.
Пакуль у групе "А" яшчэ кіпяць страсці, а інтрыга захоўваецца да канца, у групе "Б" ужо згулялі апошні паядынак. Лёс склаўся так, што ў заключным матчы групы вызначаўся яе пераможца і, адпаведна, каманда, якая б атрымлівала больш слабога суперніка ў чвэрцьфінале. "Раніца" і "Смаляны" біліся ад першай і да апошняй хвіліны, і тыя, і другія мелі шмат галявых момантаў. Бліскуча сябе праявіў брамнік "Смалянаў", аднак ад паразы сваю каманду ён не збярог. Перамога "Раніцы" 6:3. З групы "Б" у 1/4 фіналу выйшлі "Раніца", "Смаляны", "Васток" і "Invincibles".