Да нас на сайт інфармацыя пра здарэнне прыйшла ад рыбакоў прыблізна ў абед 8 жніўня. Відавочцы сцвярджалі, што па Дняпры масава плыве мёртвая рыба - нехта казаў пра дзесяткі, а нехта і пра сотні рыбёшак. Праз некаторы час стала зразумела, што гаворка ўвогуле ідзе не пра дзесяткі і не сотні - цэлы дзень па Дняпры ідзе рыба, якую падлічыць, проста, немагчыма. Аршанцы, канешне, палічылі, што ў Смаленскай вобласці Расіі магла адбыцца нейкая аварыя, якая і прывяла да масавага атручвання рыбы.
Як аказалася, у Смаленску ў гэты ж дзень таксама назіраўся масавы мор рыбы. Прычым, паводле артыкула апублікаванага ў смаленскай газеце "Рабочы шлях", масавае атручванне рыбы назіралася ў рэках Смаленскай вобласці прыблізна з 2 жніўня (і толькі зараз рыба даплыла да нас). На Дняпры мёртвую рыбу ў вялікай колькасці бачылі ў Дарабабужскім і Смаленскім раёнах, а таксама ў рэках Гжаць і Касная. Што ж адбылося?
Выконваючы абавязкі начальніка дзяржаўнага кантроля за біарэсурсамі па Бранскай і Смаленскай вобласці Ігар Кісялёў галоўнай прычынай атручвання лічыць натуральныя прычыны(!). Па яго словах, прычынай здарыўшагася маглі стаць моцныя залевы, якія прайшлі ў Смаленскай вобласці раней - з-за іх паднялася вада, якая затапіла берагі з травой. Потым вада нагрэлася і трава пачала гнісці, выкідваючы ў ваду вялікую колькасць вуглякіслага газу. Пры такой версіі, рыба гіне з-за недахопу кісларода ў вадзе. Названая прычына - толькі версія - рэальныя абставіны здарэння будуць вядомыя смаленскім ахоўнікам прыроды пазней, калі пройдуць усе лабараторныя даследванні.
Пакуль ахоўнікі прыроды не раюць выкарыстоўвацю атручаную рыбу для ежы, нават, для хатніх жывёлаў. Беларускія экалагічныя службы па стане на вечар 8 жніўня пакуль аніяк афіцыйна не каментуюць здарэнне.
На фота: такую рыбу вылавілі ў Оршы вядром