Гасцявы матч з "Лідай" быў для "Оршы" важны адносна турнірнай сітуацыі. Аршанскія аматары футбола маглі разлічваць і на тое, што каманда прывязе тры пункты. "Орша" ішла вышэй за лідзянаў у турнірнай табліцы. Ужо на 26-й хвіліне Аляксандр Кучараў адкрыў лік - футбаліст, узяты ў арэнду ў "Віцебска", пакуль вельмі эфектыўна гуляе за аршанцаў, ужо з першых матчаў ён стаў адным з найбольш адметных гульцоў каманды.
Правальным для "Оршы" стаў старт другога тайма - Даўгілевіч за чатыры хвіліны аформіў дубль - 2:1 на карысць "Ліды". Аднак "сіня-белыя" не думалі здавацца. Процьма момантаў, няспынныя атакі і спробы змяніць сітуацыю. З гульні забіць не ўдаецца, затое на 65-й хвіліне Аляксей Хадневіч забівае цудоўны гол са штрафнога. З гэтага стандарту "Орша" ў апошнія сезоны практычна ніколі не забівала. Восьмы гол Аляксея Хадневіча ў чэмпіянаце зрабіў лік нічыйным 2:2. У апошнія 25 хвілінаў гульні і "Ліда", і "Орша" маглі змяніць лік на сваю карысць, але не здолеў забіць ніхто. Баявая нічыя.
Цікава адзначыць, што для "Оршы" гэта 8-я нічыя ў 15 гульнях чэмпіянату. На рэспубліканскім узроўні сёлета часцей гуляе ўнічыю толькі "Граніт" з Мікашэвічаў. У гэтай каманды Вышэйшай лігі ўжо 9 нічыйных вынікаў. Дарэчы, менавіта туды перайшоў адзін з лепшых гульцоў першай паловы чэмпіянату для "Оршы" Яўген Зямко. Аляксандр Кучараў, які быў пастаўлены ў атаку замест Яўгена, пакуль дастойна замяняе яго.
"Орша": Камінскі, Вусачоў, Пракопчык, Магаль, Мараў, Жданок (Кітаёў, 90), Волкаў, Кучараў (Чарнуха, 59), Краўчук (Шарыпа, 87), Знак (Казарын, 80), Хадневіч.
Запасныя: Гудзенка, Суздальцаў, Гігевіч.