12:00

-1

8 м/с

981 гПа

15:00

+0

8 м/с

981 гПа

18:00

+1

7 м/с

981 гПа

21:00

-1

5 м/с

980 гПа

00:00

-0

3 м/с

979 гПа

Орша, Грамадства

Гісторыя выбараў на Аршаншчыне. Ч.1

24.08.2016 07:17

4467 праглядаў, 0 каментароў

Цікавае даследванне Віктара Лютынскага пра выбары ў Аршанскім рэгіёне ў мінулым стагоддзі.

11 верасня 2016 года адбудуцца выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання. Іх ход і вынікі будуць абмяркоўваць і аналізаваць і палітолагі, і журналісты, і гісторыкі. Але згадаю тут бессмяротныя радкі з «Истории государства российского…» паэта А.К. Талстога: «Ходить бывает слизко / По камешкам иным, / Итак, о том, что близко, / Мы лучше умолчим». Таму звернемся да гісторыі выбараў у вышэйшы заканадаўчы орган краіны на Аршаншчыне ў даўнім і не вельмі мінулым. А яны маюць сваю гісторыю – цікавую і супярэчлівую, але пакуль што ненапісаную.

«Мы самі можам вылучыць кандыдатуры і абгаварыць іх»

12 снежня 1937 года павінны былі адбыцца выбары ў Вярхоўны Савет СССР 1-га склікання. Праходзілі яны па прынятай у 1936 г. так званай сталінскай Канстытуцыі, згодна якой Саветы дэпутатаў працоўных вызначаліся палітычнай асновай СССР. Уводзілася ўсеагульнае роўнае прамое выбарчае права пра тайным галасаванні. У пратаколах пасяджэнняў прэзідыума Аршанскага райвыканкама за 1937 год, якія захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці, ёсць адпаведныя, на жаль, не надта багатыя, звесткі пра іх правядзенне.

«У другой палове 1930-х гадоў, – піша вядомая даследчыца савецкай таталітарнай сістэмы Таццяна Процька, – кантроль за вылучэннем кандыдатаў у дэпутаты ажыццяўлялі не толькі партыйныя органы; цяпер іх рашэнне было другасным. Спецслужбы ўважліва вывучалі мінулае кандыдатаў, іх родзічаў і знаёмых. У кандыдаты маглі трапіць толькі асобы адпаведнага сацыяльнага паходжання, без «заганных» сувязей. Іншыя кандыдатуры, нават зацверджаныя партыйнымі органамі, адводзіліся». Каго выбіраць дэпутатамі ад Аршаншчыны ў вышэйшы заканадаўчы орган савецкай дзяржавы, было таксама вызначана адпаведнымі органамі. Альтэрнатыў не было. Дэпутатам у Савет Саюза быў вызначаны «таварыш Навіцкі», у Савет Нацыянальнасцей – «таварыш Шышкоў». Са змешчаных у архіўнай справе дакументаў, праўда, нельга даведацца ні пра імёны кандыдатаў, ні пра іх прафесіі ці пасады. Вывучыўшы іншыя крыніцы, можна сказаць пра іх крыху больш. Даніла Якаўлевіч Навіцкі быў ваеннаслужачым, ураджэнцам Оршы, удзельнікам вайны ў Іспаніі, ардэнаносцам. Васіль Фёдаравіч Шышкоў працаваў у 1937-1938 гадах наркамам земляробства БССР (у хуткім часе будзе рэпрэсіраваны; ніякай дэпутацкай недатыкальнасці ў прынцыпе тады не існавала).

Тым не менш, не ўсё ішло так гладка. Так, на адно з пасяджэнняў прэзідыума райвыканкама было вынесена пытанне «Аб праяўленні фактаў антысавецкіх выступленняў з боку настаўнікаў Пугляёўскай НСШ». 3 яго разгляду вынікае, што 28 кастрычніка ў час перадвыбарчага сходу «настаўнікі Хрытанкоў і Магер выступілі з яўнай контррэвалюцыйнай і антысавецкай тэорыяй на зрыў падрыхтоўкі да выбараў, заяўляючы аб тым, што да якіх пор партыя будзе навязваць кандыдатаў для выбараў у дэпутаты Вярхоўнага Савета: «Мы самі можам вылучыць кандыдатуры і абгаварыць іх».

Гэта выступление падтрымалі настаўнікі Халімановіч і Бабіч (дзіўна, што сярод тагачасных настаўнікаў вясковай няпоўнай школы было столькі мужчын, да таго ж смелых і неабыякавых!). Прэзідыум разгледзеў пытанне і вырашыў: настаўнікаў Хрытанкова і Магера звольніць з працы, а заадно пакараць дырэктара школы і старшыню сельскага Савета (іх прозвішчы не згадваюцца).

Што адбылося пасля, мне невядома. Але гэта ўжо быў той час, калі і за меншы «грэх» можна было паплаціцца не толькі працоўным месцам. Менавіта канец 1937 – пачатак 1938 года – самы пік палітычных рэпрэсій. Праўда, у кнізе «Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Оршы і Аршанскага раёна», у якой змешчаны спіс рэпрэсаваных у 1930-1950-я гг., згаданых прозвішчаў няма. Трэба толькі ўдакладніць, што гэты спіс далёка няпоўны.

Дарэчы, як жылі нашы землякі ў гэты час? Вось некаторыя звесткі з той жа архіўнай справы. На 20-м годзе савецкай улады ў Аршанскім раёне яшчэ змагаліся з сыпным тыфам, непісьменнасцю, галечай. Апошнюю спрабавалі ліквідаваць, аказваючы найбольш бедным жыхарам райвыканкамаўскую аднаразовую дапамогу. Аднак да абвешчанай сацыяльнай справядлівасці і роўнасці было вельмі далёка. Шматдзетнай маці, каб апрануць дзяцей у школу, выдалі на кожнага па 50 рублёў, а вось старшыні гарсавета Г. Лабанаву, які накіроўваўся ў водпуск, - 1000. Але праз нейкі месяц яго здымуць з пасады «за правал работы ў гарсавеце, за очкаўцірацельства і рад другіх кампраметуючых матэрыялаў» (арфарграфія захавана – В.Л.). Тут, відаць, ужо абышлося без выхадной дапамогі.

Такім чынам, 12 снежня 1937 года адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет СССР 1-га склікання. Дэпутатамі ад Аршаншчыны былі абраны Д. Навіцкі і В. Шышкоў. Па рэспубліцы на выбарчыя ўчасткі з’явіліся 97,4% выбаршчыкаў. З іх 98,7% аддалі свае галасы за кандыдатаў у Савет Саюза Вярхоўнага Савета СССР і 98,4% - у Савет Нацыянальнасцей.

Значок дэпутата Вярхоўнага Савета БССР 1-га склікання. 1938 г.

Першыя выбары ў Вярхоўны Савет БССР праводзіліся ў 1938 годзе па прынятай у 1937 годзе новай Канстытуцыі БССР. Адзін дэпутат выбіраўся ад 20 тысяч грамадзян тэрмінам на чатыры гады.

Выбары адбыліся 26 чэрвеня 1938 года. У іх удзельнічала 99,65% выбаршчыкаў, аддалі свае галасы за «кандыдатаў непарушнага блока камуністаў і беспартыйных» 99,19%. На жаль, пра іх падрыхтоўку і правядзенне на Аршаншчыне цяжка нешта сказаць, бо бракуе інфармацыі.

1-я сесія Вярхоўнага Савета БССР 1-га склікання адбылася 25-28 ліпеня 1938 года. Трэба адзначыць, што першым старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР быў выбраны ўраджэнец Оршы Нічыпар Якаўлевіч Наталевіч (быў на гэтай пасадзе да 1948 г.)

Н.Я. Наталевіч (1900-1964) , старшыня Прэзідыума ВС БССР 1-га склікання.

Вярхоўны Савет БССР 1-га склікання ў сувязі з Другой сусветнай вайной меў самы доўгі тэрмін дзейнасці – амаль 10 гадоў.

Віктар Лютынскі

Працяг будзе

Падпішыся на навіны!

Падпішыся на навіны Оршы і рэгіёну і будзь першым, хто даведаецца самае важнае і цікавае

Обсуждение новости: Гісторыя выбараў на Аршаншчыне. Ч.1

Цікавае даследванне Віктара Лютынскага пра выбары ў Аршанскім рэгіёне ў мінулым стагоддзі.

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение