Хакейны клуб "Арарат" ужо даўно трэніраваўся і гуляў у аршанскім лядовым палацы. Цяпер каманда, якая прадстаўляе армянскі Ерэван, а гуляе ў нашым горадзе, заявілася ў Вышэйшую лігу чэмпіянату Беларусі. Гэта другі ўзровень айчыннага хакею пасля Экстралігі. Разам з армянамі у Вышэйшай лізе згуляюць менскі "Юніёр", "Гомель-2", "Шахцёр Салігорск-2", "Металург Жлобін-2", "Нёман Гародня-2", "Брэст-2", "Віцебск-2", БФСТ "Дынама", дзве юніёрскія зборныя Беларусі да 17 і да 18 гадоў і ў дадатак яшчэ адна замежная каманда - "Энергія" з літоўскага Электрэнаю. Але калі літоўцы ўжо выступалі ў беларускім чэмпіянаце ў мінулым сезоне, дык для армянскай каманды гэта будзе дэбют на падобным узроўні.
Фактычна, ерэванцы менавіта зараз пераходзяць з юнацкага хакею ў дарослы. Хатнія матчы каманда будзе праводзіць у Оршы на Лядовай арэне. Нядаўна "Арарат" правёў два таварыскія матчы - ў "Гомеля-2" удалося выйграць 6:3, а вось гульня са жлобінскім "Металургам-2" не пайшла - 2:8. Большасць хакеістаў армянскага клуба складаюць расейцы з досведам гульняў у Моладзевай хакейнай лізе Расеі, якая лічыцца дастаткова моцным турнірам на моладзевым узроўні, магчыма, мацнейшым у Еўропе. Ёсць, безумоўна, і этнічныя армяне. Аднак у складзе "Арарата" ёсць і два беларусы - гэта галоўны трэнер Юрый Чух і абаронца Уладзіслаў Мірошкін. Чух двойчы быў чэмпіёнам Беларусі як гулец у складзе гарадзенскага "Нёмана", а затым трэніраваў дарослыя клубы "Віцебск" і "Магілёў". За "Магілёў" якраз і выступаў Мірошкін.