У 16-м туры чэмпіянату Беларусі па футболе сярод каманд 1-й лігі "Орша" сустракалася на сваім полі са "Слонімам", у якога ніколі не выйгравала ў гісторыі чэмпіянатаў незалежнай Беларусі. Але калі-небудзь серыя павінна была скончыцца. Ідэальны шанц для гэтага прадаставіўся 27-га жніўня - у апошні час аршанцы паказвалі футбол нічым не горшы за суперніка, пры гэтым слонімцы апярэджвалі аршанцаў у табліцы. На матч "сіня-белыя" выйшлі з вялікай прагай перамогі і адразу пачалі атакаваць. І ўжо на 4-й хвіліне гульні Аляксандр Кучараў забіў мяч у браму гасцей - 1:0! Гэта трэці мяч паўабаронцы ў трэцім афіцыйным матчы за клуб! Кучараў забіў і "Гомелю", і "Лідзе", і "Слоніму"! Далей гульня пераважна ішла з перавагай аршанцаў, яны не раз пагражалі браме слонімцаў. Упусціўшы шэраг момантаў, на 33-й хвіліне гаспадары ўсё ж падвоілі лік на табло. Пасля розыгрышу штрафнога паследавала перадача на Аляксея Хадневіча, які нарэшце вызначыўся голам з гульні пасля доўгага перапынку - 2:0!
У другім тайме, асабліва пад заканчэнне паядынку, больш атакаваў "Слонім", але стварыць рэальную небяспеку ля брамы аршанцаў камандзе ў жоўтай форме так і не ўдалося, "Орша" была мацней і актыўней за суперніка. Нягледзячы на слонімскае валоданне мячом, атакі атрымоўваліся лепшымі менавіта ў аршанцаў. Пераканаўчая перамога 2:0, і аршанцы як мінімум на нядзелю падняліся на 7-е месца ў табліцы. Калі "Смалявічы-СТІ" не выйграюць у гасцях у ГЧТ, "сіня-белыя" і застануцца на гэтай пазіцыі.
А наогул, варта сказаць, што 16 тур чэмпіянату, хоць яшчэ ў ім трэба правесці тры матчы, прынёс два нечаканыя вынікі. Поўнымі сенсацыямі іх назваць нельга, аднак і чаканым вынік не назавеш. Магілёўскі "Дняпро" не здолеў перагуляць "Ліду", прапусціўшы мяч на 5-й кампенсаванай хвіліне - нічыя 2:2. А "Гомель" пацярпеў першую паразу ў чэмпіянаце - няўдачу прынёс выезд у Менск, дзе гамельчукоў "пабілі" футбалісты "Промня" 2:1.