“Сіня-белыя” радуюць ад гульні да гульні. Пасля несамавітага першага кола, у якім хапала кепскіх матчаў у выкананні аршанцаў, у другім коле каманда выглядае зусім інакш. 3-га верасня “ільняныя” згулялі выязны паядынак супраць “Зоркі-БДУ”. Матчы з гэтай камандай для нашых гульцоў заўсёды непрадказальныя, тут сустракаюцца і нічыі, і паразы, і перамогі. Першы тайм паядынку прайшоў у роўнай гульні – захаваўся лік 0:0.
А вось у другім тайме аршанцы, якіх гнаў наперад дэсант ажно ў 30 фанатаў, многія з якіх паехалі ў Менск менавіта з самой Оршы, паказалі зусім іншы футбол. Спачатку Аляксей Хадневіч “перавісеў” у чужой штрафной абаронцу і накіраваў мяч у сетку свайго колішняга клуба. Здарылася гэта на 47-й хвіліне. А праз дзве хвіліны Уладзіслаў Знак расстраляў браму гаспадароў ударам з лініі штрафной – 2:0 на карысць “Оршы”! У далейшым каманды атакавалі на сустрэчных курсах, аднак атакі аршанцаў былі больш сур’ёзнымі. На 81-й хвіліне Аляксей Хадневіч аформіў дубль, перагуляўшы брамніка “Зоркі” ў блізкім баі. 3:0!!!
За апошнія дзесяць хвілін аршанцы неверагодным чынам змарнавалі яшчэ тры магчымасці павялічыць лік. У выніку гульня скончылася з разгромам 3:0, “Орша” набірае важныя тры пункты. Пакуль аршанцы саступаюць столькі ж “Смаргоні”, якая ў гэтым туры перамагла 4:2 “Баранавічы”. Адметнай гэта гульня была тым, што хет-трык (тры мячы) у матчы зрабіў экс-форвард “Оршы” Віталь Ганіч.
Склад “Оршы”: Камінскі, Пракопчык. Волкаў, Магаль, Мараў, Жданок, Знак (Казарын, 81), Грачыха, Краўчук, Кучараў, Хадневіч (Кітаёў, 89).
На фота: футбалісты “Оршы” пасля матчу.