Аршанскія каманды ўзростаў 1999-2000 і 2001-2002 гг. выступаюць у першых лігах чэмпіянату Беларусі сярод сваіх аднагодкаў. 17 верасня абедзьве правялі стартавы тур супраць менскага “Тарпеда”, якое праз тры гады аднавіла сваю знакамітую футбольную школу і нарэшце заявілася на чэмпіянат. Спачатку на поле стадыёна “Лакаматыў” выйшла каманда U-15. “Орша” саступала аўтазаводцам 0:2 пасля галоў Івана Дарашэвіча і Дзмітрыя Івановіча, а затым у браму “Тарпеда” прызначылі пенальці, які выклікаў прэтэнзіі з боку трэнера менчукоў. 11-метровы “Орша” не забіла, аднак Ілля Шульгін удала згуляў на дабіванні – 1:2. З такім лікам на карысць “Тарпеда” матч і скончыўся.
У другім матчы каманда U-17 згуляла з тарпедаўцамі ўнічыю 0:0. Некалькі галявых момантаў стварылі і гаспадары, і госці, але забіць нікому не ўдалося.
У другім туры аршанцы згуляюць супраць светлагорскага “Хіміка” ў гасцях 24 альбо 25 верасня.