Гульня 19-га туру чэмпіянату Беларусі сярод каманд 1-й лігі паміж менскім “Тарпеда” і “Оршай” захапіла гледачоў, якія прыйшлі ў гэты дзень на стадыён. Аршанцы вызначыліся ўжо на 9-й хвіліне. За парушэнне правілаў аўтазаводцамі быў прызначаны пенальці, і Аляксей Хадневіч з 11-метровай пазнакі ўпэўнена расстраляў браму гаспадароў – 0:1! У далейшым Хадневіч не раз мог забіць з гульні, аднак не трапляў у створ брамы. На вялікі жаль, аршанцы змарнавалі мноства момантаў для ўзяцця чужых уладанняў. А за дзесяць хвілін да фінальнага свістку нападнік “чорна-белых” Яўген Нікіцін прыгожым ударам зраўняў лік у матчы. Нічыя 1:1.
Склад “Оршы” ў матчы: Камінскі, Магаль, Пракопчык, Жданок, Знак (к), Мараў, Грачыха, Краўчук, Кучараў, Волкаў, Хадневіч.
Варта адзначыць, што “Оршу” ў гасцявым паядынку на стадыёне “Тарпеда” падтрымлівалі 20 фанатаў. На стадыёне прысутнічалі і звычайныя прыхільнікі “сіня-белых”.
Пасля ўжо 10-й нічыі ў чэмпіянаце “Орша” апусцілася на 7-мы радок турнірнай табліцы. Афіцыйны сайт “Тарпеда” зрабіў відэаагляд матчу.