Сенненцы сёлета святкавалі перамогу ў Кубку Віцебскай вобласці, а ў чэмпіянаце Віцебшчыны справы таксама ідуць няблага. У хатнім матчы каманда з Сянна на сваім полі прайграла “Промню” з Гарадка. Даволі нечакана фаварыты аступіліся на сваім стадыёне – 1:3. Тым не менш 31 пункт дазволіў “жоўта-зялёным” утрымаць першае месца ў табліцы, а іх нападаючы Артур Талсташоў з 12-цю мячамі стаў лепшым бамбардзірам. Віцебскі “Газавік” набраў 25 пунктаў і стаў другім. Рашаючым у барацьбе за лідэрства стаў матч за тыдзень да заканчэння першага этапу, калі “Камунальнік” перамог “Газавік” 3:1. Тады і стала зразумела – ў сенненцаў перавагі не адабраць. На “бронзавым” месцы першага этапу фінішаваў “Прамень”, каманда з Гарадка сабрала ўраджай з 21 бала.
“Барань”, якая набрала 14 пунктаў, фінішавала на 4-м радку і ў фінальны пул не трапіла. Нагадаем, што ў чэмпіянаце Аршанскага раёна “Барань” заваявала срэбра, саступіўшы “золата” “Лакаматыву”, прычым толькі па розніцы забітых і прапушчаных мячоў. Талачынская “Ніва” з 12 пунктамі стала 5-й, далей месца занялі “Бешанковічы” з 9-цю, а замкнуў табліцу “Дняпро” з Дуброўны, які двойчы перамог, тройчы згуляў унічыю і сем разоў прайграў. 9 пунктаў і апошняе месца.
У фінальны этап чэмпіянату Віцебскай вобласці з Усходняй зоны прабіліся “Камунальнік”, “Газавік” і “Прамень”.