Аршанцы настройваліся на гэты матч асабліва, бо ў першай частцы сезону "сіня-белыя" пацярпелі сваю першую паразу менавіта ў Смаргоні 0:3. Тая гульня запомнілася спрэчным арбітражам і фатальным нешанцаваннем для "Оршы". На гэты раз усе зоркі, так бы мовіць, былі за нас. "Ільняныя" забілі ў браму "Смаргоні" 5 галоў, хаця маглі забіць яшчэ 2-3 мячы, каманда Юрыя Канаплёва за 90 гульнявых хвілін стварыла шмат момантаў і яе прэс на суперніка адчуваўся амаль усю гульню.
Аднак пачыналася ўсё не так добра - абедзве каманды атакавалі, а забілі смаргонцы - на 32-й хвіліне Клешчанок вывеў "чырвона-чорных" наперад. На шчасце, доўга чакаць голу ў адказ не давялося, што, верагодна, і дапамагло аршанцам не разваліцца. Уладзіслаў Знак з перадачы Міхаіла Краўчука ўжо праз шэсць хвілін аднавіў "статус-кво". А на 41-й Аляксей Хадневіч зрабіў гаспадарамі становішча аршанцаў - 2:1.
Другі тайм пачаўся моцнымі атакамі "Оршы", і Максім Грачыха з перадачы Хадневіча забівае трэці гол гасцям. Розыгрыш стандартных становішчаў рэдка калі прыносіць поспех нашай камандзе, але на гэты раз "Орша" эфектыўна разыграла вуглавы ўдар - падача Сяргея Гігевіча, і Яўген Пракопчык канчаткова дэмаралізуе суперніка, які яшчэ спрабаваў дзейнічаць на контратаках - 4:1! Але і на гэтым усё не скончылася - на 90+2 хвіліне з перадачы Захара Волкава забівае Валерый Мараў, поўны разгром смаргонцаў з лікам 5:1!
Эфектная перамога ўмацавала аршанцаў у першай палове табліцы, аднак пакуль не дазволіла падняцца з 7-га радка. Чакаем наступных матчаў і новых поспехаў "Оршы".