“Дняпро” прыме “Оршу” на стадыёне “Спартак” у Магілёве не 22-га кастрычніка, а 12-га. Пайсці на такое рашэнне магілёўцаў змусіла правядзенне кваліфікацыйнага турніру да чэмпіянату Еўропы сярод дзяўчын да 19 гадоў у Магілёве і Оршы. Таму гульню вынеслі на 10 дзён раней і пераставілі з суботы на сераду.
Час пачатку сустрэчы прызначаны на 16:30. Навіна прыйшлася не да душы не толькі аршанскім заўзятарам, якія планавалі прыехаць у Магілёў для падтрымкі сваёй камандзе на важным матчы — настолькі ранні час пачатку выклікаў хвалю незадаволенасці і з боку прыхільнікаў самога “Дняпра”, у многіх з якіх а 16:30 яшчэ будзе працоўны час, адпаведна, на стадыён яны не патрапяць альбо сур’ёзна спозняцца на матч.
Як карэспандэнту Аршанскага рэгіянальнага парталу orsha.eu патлумачылі ў прэс-службе “Дняпра”, іншых варыянтаў правядзення гульні магілёўцы не мелі. У клубе наракаюць на нялёгкае фінансавае становішча і адзначаюць, што могуць аплаціць электроннае асвятленне поля стадыёна “Спартак” толькі на адзін тайм, а не на ўвесь матч. Адпаведна, гульня прызначана менавіта на 16:30, каб частку сустрэчы “Дняпро” і “Орша” правялі ў светлы час сутак.