"Арарат" атрымаў чарговыя дзве перамогі на аршанскай Лядовай арэне. Штопраўда, матчы атрымаліся цяжкімі. У першай гульні юнацкая (да 17 гадоў) зборная Беларусі здалася толькі па булітах, армяне перамаглі ў выніку 4:3. Згодна з Рэгламентам правядзення Вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі па хакеі каманды гуляюць адразу два матчы паміж сабой. У другім матчы "Арарат" вёў у ліку пасля першага перыяду 2:1. Пасля другога лік быў нічыйны 3:3, аднак у апошнім перыядзе ерэванцы-аршанцы ўсё ж здолелі схіліць шалі на свой бок - 6:5.
Пасля 8 праведзеных матчаў "Арарат" займае 1-ю пазіцыю ў турнірнай табліцы, у каманды 20 пунктаў. На другім месцы ідзе "Нёман-2", які мае 19. Яшчэ адна небеларуская каманда ў беларускай Вышэйшай лізе - "Энергія" з літоўскага Электрэная згуляла 6 матчаў, набрала 7 пунктаў і ідзе на 8-м месцы сярод 12 клубаў.