Гульня 24-га туру Першай лігі чэмпіянату Беларусі мела адбыцца 22-га кастрычніка, аднак магілёўскі стадыён “Спартак” у гэты дзень будзе прымаць міжнародныя матчы дзявочых каманд, таму матч “Дняпро” – “Орша” перанеслі на сераду, 12-га. Кіраўніцтва магілёўскай каманды паставіла гульню не проста на будны дзень, але яшчэ і на 16:30, у выніку чаго сітуацыяй засталіся незадаволеныя як прыхільнікі “Дняпра”, так і “Оршы”. Відавочна антыспартыўнае рашэнне “Дняпра”, аднак Беларуская федэрацыя футбола афіцыйна зацвердзіла дату матчу. З боку “Оршы” афіцыйнага пратэсту не паступіла.
“Орша” і “Дняпро” сустракаліся дагэтуль тры разы і ва ўсіх матчах перамогу святкавалі магілёўскія футбалісты. Двойчы яны перамагалі з лікам 2:0 і аднойчы 2:1. Цяпер “Дняпро” забяспечыў сабе выхад у Вышэйшую лігу на наступны сезон, аршанцы ж блізкія да ўсталявання лепшага клубнага дасягнення ў часы незалежнай Беларусі. Да гэтай пары найвышэйшым месцам “сіня-белых” было 8-е ў 1-й лізе ў канцы 90-х гадоў. На дадзены момант “Орша” ідзе на 5-й пазіцыі, пазітыўны вынік матчу з “Дняпром” толькі замацуе аршанцаў у пяцёрцы лепшых клубаў дывізіёна.
Матч “Дняпро” – “Орша” пройдзе 12-га кастрычніка ў Магілёве на стадыёне “Спартак”, пачатак а 16:30. Сайт orsha.eu правядзе тэкставую онлайн-трансляцыю сустрэчы.