У папярэдніх трох матчах з “Дняпром” аршанцы заўсёды выглядалі дастойна і не саступалі з розніцай, большай за 2 мячы. На гэты раз, на жаль, усё выглядала інакш. “Орша” вельмі добра згуляла ў першым тайме, мела моманты для ўзяцця чужое брамы, аднак у канцы гаспадары поля правялі вострую атаку, і ўдар гульца “Дняпра” проста ў “дзявятку” рукой адбіў паўабаронца Дзмітрый Жданок. У выніку гулец “Оршы” быў выдалены з поля, а ў браму гасцей прызначылі пенальці. Мурат Хотаў упэўнена рэалізаваў пенальці і адкрыў лік – 1:0. У расейскага легіянера “Дняпра” гэта ўжо 17 гол у чэмпіянаце, у форварда аршанцаў Аляксея Хадневіча 15.
У другім тайме ніхто з лепшых бамбардзіраў абодвух клубаў вызначыцца не здолеў, але Хотаў зрабіў, прынамсі, галявую перадачу. А забівалі Грыбоўскі, Юрчанка і Маркаў. Аршанцы ў другой палове гулялі ўдзесяцёх, і гульня іх развалілася. Прапанаваць нешта магілёўцам госці ўжо не здолелі, саступіўшы 0:4.
“Орша”: Камінскі (Гудзенка, 71), Пракопчык, Волкаў, Магаль, Мараў, Кучараў (Чарнуха, 63), Жданок, Краўчук (Гігевіч, 66), Знак (Вусачоў, 80), Грачыха, Хадневіч (Кітаёў, 80). Запасныя: Казарын, Лебедзеў.
Буйная перамога “Дняпра” ўмацавала магілёўскі клуб на 2-й пазіцыі ў чэмпіянаце, наперадзе толькі “Гомель”. Нядаўна з “Дняпра” быў зняты 1 пункт за парушэнне Рэгламенту, аднак гэта ніяк не зашкодзіла магілёўскаму клубу вярнуцца ў Вышэйшую лігу. “Орша” тым часам застаецца на 5-м радку турнірнай табліцы, апярэджваючы “Ліду” толькі паводле дадатковых паказчыкаў. “Сіня-белым” засталося правесці толькі тры гульні ў чэмпіянаце: дома з “Баранавічамі” і “Промнем” і ў гасцях са светлагорскім “Хімікам”.