Аршанцы прымалі сваіх прынцыповых і даўніх супернікаў з Баранавічаў у суботу. Гульня добра склалася для “сіня-белых”, нягледзячы на неадназначнае судзейства. На 14-й хвіліне Уладзіслаў Знак адкрыў лік у матчы, на 30-й Павел Пампуха аднавіў статус-кво. Але на 38-й голам адзначыўся Аляксей Хадневіч, які забіў ужо 16 мяч у чэмпіянаце і займае 2-е месца ў спісе бамбардзіраў. Такім чынам, аршанцы зноў выйшлі наперад 2:1. А ў другім тайме на 56-й гулец “Баранавічаў” Каплуноў забіў мяч у браму ўласнай каманды. У выніку перамога “Оршы” 3:1. У той жа самы дзень пункты страціла “Ліда”, якая цяпер адстала ад “Оршы”, але дзякуючы матчу ў запасе можа зноў нагадаць пра сябе.
Аршанцы займаюць адзінаасобнае 5-е месца ў табліцы, аднак “Смаргонь” і “Ліда”, калі перамогуць у 24-м туры, адкінуць “сіня-белых” на 7-е месца. І тым не менш, многае ў руках аршанцаў, а перамога клуба над “Баранавічамі”, што выйшлі на добрую форму, засведчыла сур’ёзнасць мэты “Оршы” заняць месца ў пяцёрцы лепшых калектываў чэмпіянату 1-й лігі.