Чэмпіянат Беларусі па хакеі ў Вышэйшай лізе (2-гі ўзровень беларускага хакея пасля Экстралігі) набірае тэмп. У Оршы на Лядовай арэне ерэванскі "Арарат", які выкарыстоўвае лядовую пляцоўку нашага горада ў якасці хатняй, прымаў літоўскую "Энергію". Госці з Электрэная, хоць і знаходзяцца значна ніжэй у табліцы, прыехалі ў Оршу ў добрай фізічнай форме і сапраўды далі бой армянам. У першай гульні многае было вырашана яшчэ ў першым перыядзе, калі "Арарат" закінуў тры шайбы ў браму літоўцаў. Наступныя падзеі не пахіснулі, а толькі ўмацавалі "чырвона-сіня-жоўтых", перамога "горцаў" 7:3.
А вось у другой гульні армянскі клуб, які за такі кароткі час заслужыў павагу ўсіх супернікаў па Вышэйшай лізе, атрымаў салідны адпор і прайграў. Пасля першага перыяду была нічыя 1:1, у другім адна шайба такі "праскочыла" ў браму "Арарата", а трэці, заключны перыяд, стаў сапраўдным трылерам. Шайба залятала ў абедзве брамы і не раз. Вікторыю святкавала каманда з чырвонымі маланкамі на белых швэдрах, літоўская "Энергія".
Арарат - Энергія - 7:3 (3:0; 0:1; 4:2)
Арарат - Энергія - 3:5 (1:1; 0:1; 2:3)
Пройгрыш у другім матчы пахіснуў пазіцыі "Арарата" - армяне засталіся на 4-м месцы, якое і займалі напярэдадні гульняў з "Энергіяй", аднак адставанне ад "Нёмана-2" і БФСТ "Дынама" складае ўжо 4 пункты, а не 2, як дагэтуль.