Беларуска Аліна Талай няўдала выступіла на Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанейра. Оршанка расцэньвалася як адна з галоўных фаварытак, аднак у паўфінале зачапіла бар'ер і ў фінал не выйшла. Пасля Алімпійскіх гульняў Талай пачынала думаць пра завяршэнне кар'еры, але ў выніку вырашыла працягнуць яе. Аліна пайшла ад аўстрыйскага трэнера Філіпа Уінфрыда і пераехала ў ЗША, у гарадок Брадэнтан у Фларыдзе, дзе цяпер трэніруецца з трэнерам па хуткасці Ларэнам Сігрэйвам. У свой час ён працаваў з алімпійскімі чэмпіёнамі ў бегу на розныя дыстанцыі - Донаванам Бэйлі і Паўлінай Дэвіс-Томпсан, з расійскай скакухай у даўжыню Дар'яй Клішынай.
Акрамя таго, Аліна прылятала ў Беларусь і была прынята ў байкерскі клуб. Прычым стала там першай дзяўчынай. Цяпер Талай поўная сіл і рыхтуецца да новых стартаў.
Партал "Трыбуна" апублікаваў маштабнае інтэрв'ю з Алінай Талай.