Раней “Орша” і “Прамень” сустракаліся тройчы. Першыя матчы клубаў адбыліся ў 2014-м годзе, калі абодва калектывы выступалі ў 2-й лізе. Тады аршанцы перамаглі супернікаў на хатнім стадыёне 3:0, а ў гасцях здабылі вікторыю 1:0. Агульная розніца мячоў 4:0.
А вось у сезоне-2016 ужо аршанскую каманду падсцерагла няўдача. З-за ранняга выдалення з поля брамніка Яўгена Гудзенкі браму да канца гульні абараняў нападнік Аляксей Хадневіч, бо другога галкіпера на выязным матчы ў “Оршы” не было. У выніку “Орша” пацярпела буйную паразу 1:5.
Баланс гульняў “Оршы” і “Промня”: 3 гульні, +2=0-1, 5-5.
Афіша, якую прадставілі перад гульнёй фанаты “Оршы”. Яны прынцыпова называюць каманду “Стартам” і хацелі б вярнуць гістарычную назву клубу.
Матч “Орша” – “Прамень” адбудзецца 29-га кастрычніка на Гарадскім стадыёне Оршы і пачнецца а 14:00. “Сіня-белыя” захоўваюць шанцы на 5-е месца ў турнірнай табліцы.