У расейскім горадзе Курск прайшоў чэмпіянат свету AWPC і Кубак чэмпіёнаў свету WPC/WAA па паўэрліфцінгу. На турнір свае заяўкі прыслалі 1346 атлетаў з 20 краін. Паўэрліфтэры прыехалі ў Расею на галоўны турнір сезону-2016 з Беларусі, Егіпта, Малдовы, Францыі, Украіны, Манголіі, Арменіі, Латвіі, Узбекістана, Эстоніі, ЗША і іншых краін. Адным з наймацнейшых прадстаўнікоў нашай краіны ў Курску быў Аляксандр Казлоў з Оршы. Майстар спорту міжнароднага класу Украіны і Расеі па шматпаўторным жыме штангі лежачы пацвердзіў свой высокі ўзровень і тут. У катэгорыі да 82 кілаграмаў Аляксандр Казлоў стаў чэмпіёнам свету ў намінацыі "народны жым" паводле версіі WPC.
Аршанец актыўна трэніруецца і рыхтуецца да новых стартаў. Аляксандр Казлоў — чэмпіён Беларусі, Еўропы і свету па шматпаўторным жыме па версіях AWPC,WPC, GPF,ФРЖ. Акрамя таго, спартовец з'яўляецца рэкардсменам Беларусі і Еўропы.
На youtube-канале спартоўца — відэа з выступлення ў Курску, якое прынесла аршанцу тытул чэмпіёна свету.