Зборная Беларусі, сабраная з дзяўчын, не старэйшых за 19 гадоў, не здолела прабіцца ў элітны раўнд кваліфікацыі чэмпяінату Еўропы ў сваёй катэгорыі. Беларускі ўсе тры матчы праводзілі ў Оршы на Гарадскім стадыёне. Першы матч з камандай Аўстрыі – моцным супернікам – скончыўся ўнічыю 0:0. Другі паядынак з бельгійкамі прынес няўдачу. Казакевіч забіла гол за беларусак з пенальці, але ўжо да таго наша каманда саступала “чырвоным д’ябаліцам” 0:2. А ў выніку саступіла 1:3.
Заключны матч з камандай Літвы быў перанесены з 18:00 на 15:00 25-га кастрычніка. На Гарадскім стадыёне Оршы ўзніклі праблемы са штучным асвятленнем. Вельмі верагодна, гэта звязана з тым, што яно ніколі не выкарыстоўваецца па прамым прызначэнні – абсалютна ўсе матчы “Орша” праводзіць пры сонечным святле і сканчаюцца яны яшчэ да надыходу цемры. Вось такая эканомія сабе на шкоду кіраўніцтва стадыёна не дазволіла правесці заключны матч Беларусь – Літва пры штучным асвятленні. Але асвятленне ніякім чынам не паўплывала на баявы настрой беларусак – яны перамаглі Літву з пераканаўчым вынікам 4:1. Два мячы ў нас забіла Кубічная, па голе Ладыга і Жытко.
Шкада, але 4 набраных пунктаў не хапіла для выхаду ў элітны раўнд кваліфікацыі нават з 2-га месца. Беларусак паводле дадатковых паказчыкаў апярэдзілі аўстрыйкі. Бельгія заняла першае месца ў групе.