У 25-м туры аршанцы прымалі на сваім полі менскі "Прамень". Гэта быў апошні матч на сваім стадыёне для "сіня-белых" у бягучым сезоне. Першы тайм аршанцы валодалі перавагай, аднак каманды сышлі ў распранальні з лікам 0:0 на табло. А ў другім тайме паўабаронца "Промня" Расолька забіў мяч у браму "Оршы". Гол быў спрэчны - многія заўзятары кажуць, што ў гэтым эпізодзе была рука. Неўзабаве з'явіцца відэа эпізодаў, зробленае нашым карэспандэнтам, там мы і паспрабуем усталяваць ісціну.
За гульню "Орша" забіла двойчы, але галы не былі залічаныя, бо суддзі фіксавалі становішча па-за гульнёй. У канцы сустрэчы ў гасцявой штрафной упаў Мікалай Кітаёў, аднак на падзенне аршанскага форварда арбітр сустрэчы ніяк не зрэагаваў. Другі тайм у цэлым "Прамень" правёў лепей за гаспадароў і давёў матч да перамогі.
"Орша" ўпала на 7-е месца і цяпер нават у выпадку перамогі ў апошнім туры ў Светлагорску над "Хімікам" наўрад ці здолее фінішаваць сярод лепшых пяці камандаў. Затое перамога пазбавіць нашу каманду "магчымасці" ўпасці на 8 ці 9 месца. Так што "Орша" яшчэ можа паказаць свой лепшы вынік у чэмпіянатах незалежнай Беларусі, дзеля гэтага патрэбны станоўчы вынік у Светлагорску ў заключным туры.