00:00

+8

2 м/с

997 гПа

03:00

+7

2 м/с

998 гПа

06:00

+6

4 м/с

999 гПа

09:00

+6

4 м/с

1001 гПа

12:00

+7

5 м/с

1003 гПа

Орша, Спорт

13 карысных трэніровак

01.11.2016 20:26

6862 прагляду, 54 каментара

Аршанскі культурыст Сяргей Гляк прывёз адразу некалькі залатых медалёў з буйных спаборніцтваў! (+фота)

Кубак Рэспублікі Беларусь, Кубак Магілёўскай вобласці і адкрыты чэмпіянат Бранскай вобласці (Расея) – вось турніры па бодыбілдынгу (культурызму), якія прайшлі за апошні час. У Кубку Беларусі Сяргей Гляк стаў лепшым з лепшых, а яшчэ адзін аршанец Дзяніс Пяшкоў стаў 3-м. Поспех чакаў аршанскіх атлетаў і на Кубку Магілёўскай вобласці, там Мікіта Сушкоў заваяваў срэбны медаль. У Расеі, дзе ўзровень культурызму вельмі высокі, Сяргей Гляк не згубіўся і выйграў спаборніцтвы як у юнацкім заліку (да 18 гадоў), так і ў юніёрскім (да 23 гадоў). Бліскучы поспех беларускага культурыста з Оршы!

Карэспандэнт orsha.eu сустрэўся з кандыдатам у майстры спорту Сяргеем Глякам (далей у тэксце С.Г.) і паразмаўляў пра дасягненні, адпачынак, адметнасці бодыбілдынгу як віду спорта. Таксама ў размове прымаў актыўны ўдзел трэнер чэмпіёна – Сяргей Міхайлавіч Шлецэр (далей у тэксце С.Ш.), які сам яшчэ прымае ўдзел у турнірах. На многія пытанні суразмоўцы адказвалі разам, дапаўняючы адзін аднаго. Ініцыялы пастаўлены там, дзе неабходна па сэнсе адасобіць выразы дзеючых асоб.

На фота злева направа: Сяргей Гляк, Сяргей Міхайлавіч Шлецэр, Дзяніс Пяшкоў.

Вы пералічылі апошнія поспехі. Сезон удалы?

Гэты сезон у нас добры атрымаўся, так. Асабліва, яго апошняя частка.

На Кубку Беларусі былі выключна беларускія культурысты?

Практычна ўсе былі беларусы, у мужчын выступалі запрошаныя расейцы. Адзін моцны спартовец з Бранска браў удзел. І ў Бранску быў вельмі прадстаўнічы турнір, змагацца даводзілася з дастойнымі канкурэнтамі.

Вы возіце з сабой на турніры электронныя прылады, каб мераць вагу, т.д..?

Вага сапраўды мае вялізнае значэнне. Але не паўсюль. Дапусцім, у абсалютнай катэгорыі сярод юніёраў, дзе выступаў Сяргей, няма розніцы, ты прыехаў з вагой у 40 кілаграмаў ці 140 кг. Галоўнае, каб было да 18 гадоў. А вось у мужчынскай праграме ўжо ідзе падзел 75 кг, 85 кг, 90 кг і звыш 90 кг.

Любы пераезд у іншы горад, краіну на спаборніцтвы – стрэсавая сітуацыя. Як дасягаць аптымальнай вагі ў такіх умовах?

Заўсёды пры прыездзе на любыя спаборніцтвы першы дзень аддаецца на замеры: рост, вага, усё іншае. Самі спаборніцтвы ідуць ужо на другі дзень. Стрэс у любым выпадку прысутны, нават у вельмі дасведчанага спартоўца. Трэба проста харчавацца і падыходзіць да турніраў паводле сваёй праграмы.

Сяргей, якімі былі вашы першыя спаборніцтвы?

С.Г.: Чэмпіянат рэспублікі ў 2014 годзе. Ён праводзіўся ў Гародні. Там я заняў 4-е месца. Я яго добра запомніў, бо ўпершыню адправіўся на важны турнір. упершыню выйшаў на памост.

С.Ш.: Гэта цяпер Сяргей ужо адбыўся як спартовец, назапасіў досвед. А тады першы раз прыехаў, не ведаў яшчэ, што за чым ідзе, таму і вельмі хваляваўся. І катэгорыя была вельмі моцная, народу шмат. Сяргей быў 15-гадовым і самым малодшым сярод удзельнікаў, астатнім было ад 17 і болей гадоў.

Супернікі на спаборніцтвах па бодыбілдынгу паміж сабой падтрымліваюць нармальныя зносіны?

У асноўным, нармальныя, чалавечыя стасункі. Здараецца, падчас пазіравання нехта штурхне канкурэнта локцем. Часцей за ўсё гэта адбываецца выпадкова. Ёсць, вядома, і такія, хто зазналіся, задралі нос угару, ні з кім не размаўляюць, ні з кім не вітаюцца, але і ў звычайным жыцці такія індывідуумы ёсць. А ў цэлым усё даволі мірна праходзіць атлеты паміж сабой калі не сябруюць, то, прынамсі, знаходзяцца ў нармальных стасунках, размаўляюць, жартуюць.

Шырокае кола людзей мала знаёмае з тым, як судзяць спаборніцтвы па бодыбілдынгу. Якія крытэры судзейства ёсць у вашым відзе спорту?

У нас такі спорт, што суддзі могуць павярнуць як заўгодна. Часам і спецыялістам цяжка зразумець матывы некаторых судзейскіх адзнак. Гэта ў цяжкой атлетыцы бачна – ўзяў альбо не ўзяў вагу, перайшоў на новую штангу, так далей. У нас больш суб’ектыўнасці. У кагосьці з суддзяў свае сімпатыі, “свае” спартоўцы, чужых стараюцца “засунуць”, сваіх “прасунуць”. Каб гарантавана перамагчы, атлет мае быць проста ідэальным знешне, быць на дзве галавы вышэй за супернікаў. Калі ж спартоўцы прыкладна на адным узроўні, тады пачынаюцца спрэчныя рашэнні. Не заўсёды суддзі аб’ектыўныя.

І часта здараюцца скандалы?

Не, як такіх скандалаў якраз мала. Бывае, што незадаволеныя судзействам потым выкладваюць дзе-небудзь на “Аднакласніках” ці на youtube свае негатыўныя эмоцыі, нейкія відэа, але на спаборніцтвах скандалаў амаль няма.

Аднак ёсць жа апеляцыйны камітэт, магчымасць падаць скаргу, апеляцыю на рашэнне суддзяў.

С.Ш.: Бессэнсоўна. Што прайшло, тое прайшло. Тэарэтычная магчымасць паскардзіцца існуе, але на практыцы “адкруціць” вынікі ўдаецца вельмі рэдка. Напрыклад, на рэспубліцы, дзе Сяргей стаў 2-м, міжнародны суддзя Куцапалаў пасля заканчэння турніру пераглядзеў выніковыя пратаколы і сказаў: “Сяргей павінен быць 1-м”. А там выявілася, што чыста матэматычна суддзі няправільна налічылі балы атлетам, у выніку Сяргей памылкова стаў 2-м, а не 1-м. Але афіцыйныя вынікі пераглядзець не ўдалося, яны засталіся ранейшымі, з матэматычнай памылкай у пратаколе.

Бодыбілдынг – энергазатратны від спорту…

Спецыялісты лічаць бодыбілдынг самым энергазатратным відам спорту ў свеце. Я не змяншаю заслугі іншых відаў спорту, там таксама патрэбная штодзённая інтэнсіўная праца над сабой, аднак навукова даказана, што менавіта бодыбілдынг – самы затратны від. Акрамя фізічнай энергіі, ён таксама даволі затратны і фінансава, і маральна.

Колькі прыкладна для культурыста каштуе месяц мэтанакіраваных трэніровак?

Каб нармальна падысці да спаборніцтваў, трэба траціць грошы на вітаміны, спартовае харчаванне. Атрымліваецца каля 150 даляраў на месяц. Гэта яшчэ без уліку асноўнага харчавання, у якое ўваходзяць кашы, тварог… І на саміх спартовых змаганнях усё патрабуе грашовых выдаткаў. На чэмпіянаце краіны ўзнос каштаваў 60 рублёў, загрыміравацца каштавала 35 даляраў. Кожны рыхтуецца да спаборніцтваў за свой рахунак.

Што для культурыста забаронена альбо што можна есці вельмі рэдка?

С.Ш.: Я ўжо некалькі гадоў не ем нічога вэнджанага, ані мяса, ані рыбы. А за два месяцы перад турнірам спартоўцу строга забаронена ўсё вэнджанае, салёнае, смажанае, салодкае. У рацыёне толькі вараная курыная грудка, “доўгія” вугляводы, цвёрдыя гатункі макароны. Гэта стрэс для арганізму, бо харчаванне аднастайнае, але ніяк іначай не падрыхтуешся да важных стартаў. Прычым харчаванне 4-6-разовае.

А кава, алкаголь? Каву піць можна, яна пашырае сасуды, алкаголь пад поўнай забаронай, нельга ніякім чынам яго ўжываць. Нельга і курыць, аднак некаторыя спартоўцы ўсё ж паляць.

Сяргей, раней вы займаліся гандболам і дзюдо. Што паспрыяла пераходу ў бодыбілдынг?

Фільм з удзелам Арнольда Шварцэнэгера. Мне спадабалася, я вырашыў сам паспрабаваць дамагчыся поспеху.

Звычайна ўяўляеш жытло культурыста са сценкамі, залепленымі плакатамі з часопісаў пра культурыстаў. І ў вас так?

Не, у мяне на сценках вісяць свае ўзнагароды, а не плакаты. Віктар Цой і каляндар года толькі. У залі так, вісіць, падобныя плакаты матывуюць.

Бабслей лічыцца відам спорту, якім не займаюцца адпачатна. Звычайна ў яго пераходзяць з іншых відаў – цяжкой атлетыкі, спрынту. Ці можна аднесці да такіх відаў і культурызм?

С.Ш.: Не магу сказаць, што ў бодыбілдынг пераходзяць з іншых відаў спорту. Здараецца, у нашу залу “Алімп” прыходзяць людзі худзенькія, кволыя, шчуплыя, набіраюць мышачную масу. А часам і тоўстыя людзі прыходзяць. У нашай залі створаны ўсе ўмовы для людзей рознай камплекцыі, у тым ліку і для тых, хто пакутуе ад залішняй вагі. Некаторыя спачатку хочуць проста скінуць вагу, а затым пачынаюць разумець, што іх амбіцыі распасціраюцца значна далей за простую згонку вагі. І тады яны падыходзяць да трэнера, пытаюць: “Можна падрыхтавацца да спаборніцтваў?” І трэнер ужо дае свае парады. Так што я наадварот ведаю мала тых, хто прыйшоў у бодыбілдынг з іншых відаў. Спецыфіка віду такая, што для яго патрабуюцца зусім іншыя трэніроўкі. Усе формы, усе прапорцыі мусяць выглядаць ідэальнымі. Толькі здаецца збоку, што не так складана, выйшаў на памост, пастаяў, паказаў сваё цела. А ты зрабі гэтае цела!

У спартоўцаў здараюцца зрывы, калі перастаюць сачыць за сабой, кідаюць часова трэніроўкі?

С.Ш.: Так я пра гэта і кажу! Звычайныя людзі глядзяць за атлетамі, якія трэніруюцца ў залі з імі разам, бяруць прыклад. Падысці да трэнера і папрасіць падрыхтаваць да турніру можна, але далёк не кожны здолее вытрымаць такія трэніроўкі. Тут патрэбна і моцная псіхалогія, настрой нягледзячы ні на што зрабіць сваё цела ідэальным, развіваць яго. Адзінкі дабіраюцца да важных чэмпіянатаў, кубкаў. Большасць не вытрымлівае, кідае праз пару месяцаў.

Сяргей, вы пачыналі займацца бодыбілдынгам адразу з мэтамі выступаць на спаборніцтвах?

Так. Але каля двух гадоў я проста займаўся ў залі, навучыўся правільна харчавацца, пракачваць пэўныя групы мышцаў. І толькі потым пачаў выступаць на памосце. Думкі кінуць усё, перастаць займацца дадзеным спортам наведваюць мяне часта, гэта звычайная справа для любога культурыста. Але да канкрэтных захадаў справа не даходзіла, і таму я трэніруюся, выступаю далей. І мне падабаецца.

Колькі трэніровак на дзень неабходна атлету?

Напярэдадні спаборніцтваў пераходзім на адмысловы цыкл: трынаццаць трэніровак на тыдзень, па дзве на дзень фактычна. Уключна з кардыятрэніроўкамі. А звычайны цыкл убірае ў сябе 3-4 трэніроўкі на тыдзень. Тры ўсё ж малавата, лепей чатыры. Стандартная трэніроўка доўжыцца мінімум дзве гадзіны.

Чым займаецеся акрамя спорту?

С.Г.: Яшчэ вучуся ў чыгуначным каледжы, навучанне таксама займае нямала часу. Цяпер, пасля таго, як вярнуўся з турніраў, выпала крыху вольнага часу, магу адпачыць ад трэніровак. Праводжу час з сябрамі, адпачываю і дома.

С.Ш.: Шчыра кажучы, пасля вяртання ў Оршу з Бранска сказаў, каб я тыдзень не бачыў Сяргея ў залі. А праз тры дні ён ужо ўсё роўна прыпёрся! Без залы ўжо жыццё немагчымае.

Музыка на турнірах па бодыбілдынгу ўключаецца на замову атлетаў?

На турнірах абавязкова ідзе пазіраванне, а потым ідуць адвольныя выступленні. І на адвольны выступ кожны спартовец сам абірае музыку пад свой рытм, пад які збіраецца паказаць сваё цела. Я абіраю эпічную музыку і рок. Менавіта не метал, а меладычны, больш спакойны рок. Ёсць і атлеты, якія выступаюць пад танцавальную музыку.

Наколькі я зразумеў, культурызм у Расеі знаходзіцца на высокім узроўні, раз беларускія атлеты часта ўдзельнічаюць у тамтэйшых турнірах.

На вельмі высокім. У Беларусі ўзровень правядзення спаборніцтваў, узровень саміх спартоўцаў штогод расце, аднак у Расеі ён па-ранейшаму застаецца вышэйшым. У іх праводзяцца турніры топ-узроўню. Нямала якасных атлетаў ва Украіне, таксама вельмі высокі ўзровень. Моцнымі супернікамі на міжнароднай арэне могуць быць і літоўцы, але ўнутры іх краіны не такая высокая канкурэнцыя, спартоўцаў высокага ўзроўню там мала.

У якіх гарадах Беларусі добра развіты бодыбілдынг?

Ужо ў многіх гарадах наш від спорту дасягнуў высокага ўзроўню. Магілёў, Менск, Гародня. А па-сутнасці, і ўва многіх іншых гарадах.

А што наконт Оршы, вашага клуба “Алімп”?

С.Ш.: Можа не вельмі сціпла казаць пра сябе, але нас паважаюць і баяцца, наш клуб калі прыязджае на нейкія спаборніцтвы, дык вельмі рэдка вяртаецца ў Оршу без узнагародаў. Назву “Алімп” ведаюць усе. З іншых залаў, клубаў Оршы ўжо даўно ніхто нікога на спаборніцтвы па бодыбілдынгу не вывозіў.

Сяргей Міхайлавіч, а што з узроўнем культурызма ў краінах Заходняй Еўропы? Як вы яго ацэніце?

Ну, мы яшчэ не выбіраліся так далёка за межы Беларусі, гэта толькі ў планах на будучыню. Высокі ўзровень, напрыклад, чэмпіянату Еўропы ў Іспаніі. Адметна, што ён праводзіцца там штогод, прэзідэнт федэрацыі адтуль, і ніхто не супраць, каб турнір праводзіўся там кожны год.

Прачытаць артыкул можна і на расейскай мове.

Фотаздымкі з Кубка Беларусі-2016:

Здымкі з адкрытага Кубка Бранска-2016:

Адкрыты Кубак Магілёва-2016:

Падпішыся на навіны!

Падпішыся на навіны Оршы і рэгіёну і будзь першым, хто даведаецца самае важнае і цікавае

Обсуждение новости: 13 карысных трэніровак

Аршанскі культурыст Сяргей Гляк прывёз адразу некалькі залатых медалёў з буйных спаборніцтваў! (+фота)

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение