Такое здарылася ўпершыню ў гісторыі клуба. Абаронца Захар Волкаў, узяты ў гэтым сезоне ў арэнду з "Віцебска", атрымаў выклік у моладзевую зборную Беларусі (да 21 года). Паспяховая гульня за "Оршу" паспрыяла таму, што галоўны трэнер "маладзёжкі" Ігар Кавалевіч ацаніў Волкава і запрасіў яго на збор каманды.
Яшчэ ў суботу, 5-га лістапада Захар згуляе за "Оршу" ў гасцявым матчы супраць светлагорскага "Хіміка", а ўжо 7-га прыедзе на збор нацыянальнай моладзевай каманды. 9-га моладзевая зборная Беларусі новага склікання паляціць у Харкаў, а адтуль паедзе ў Палтаву. 11-га лістапада а 18:30 на стадыёне "Ворскла" ім.А.Бутоўскага" ў Палтаве беларусы згуляюць таварыскі паядынак супраць моладзевай каманды Украіны.
Гэта першы падобны выклік у гісторыі "Оршы". Раней за клуб гулялі футбалісты з досведам гульні за нацыянальную зборную, аднак яны траплялі туды падчас выступленняў за іншыя каманды. Непасрэдна з "Оршы" Захар Волкаў выкліканы першым.