Скончыўся чэмпіянат-2016 у Першай лізе чэмпіянату Беларусі. "Орша" заняла ў ім 7-е месца і пераўзышла ўласнае дасягненне 20-гадовай даўніны, калі ў той жа Першай лізе "сіня-белыя" сталі 8-мі. Вышэй за 7-е месца ў нацыянальных чэмпіянатах "Орша" была яшчэ да здабыцця нашай краіны Незалежнасці. У 1971-м годзе аршанскі "Старт" стаў 4-м у чэмпіянаце БССР - найвышэйшае дасягненне клуба ў чэмпіянатах. Таксама "Тэмп" з Барані заваёўваў бронзу чэмпіянату БССР. Дарэчы, менавіта "Стартам" прынцыпова называюць любімую каманду фанаты. У сваім блогу яны падвялі вынікі сезону-2016, на наш погляд, дастаткова паўнавартасныя, каб перадрукаваць іх на Аршанскі рэгіянальны партал.
ТАБЛІЦА
Перад сезонам мы былі абнадзееныя – ў каманды павысіўся бюджэт, у арэнду зь іншых клубаў прыйшлі новыя футбалісты, многія зь імёнамі. Былі спадзевы на лепшае месца клуба ў чэмпіянатах незалежнай Беларусі. Так і сталася – занялі 7-е месца, папярэднім вышэйшым дасягненьнем была 7-я пазіцыя ў 1996-м. Цікава, што першае кола чэмпіянату нас абсалютна ня ўразіла, асабліва тое, як яго скончыла каманда – паразы ад “Дняпра”, “Промня” і нічыя з “Хімікам” дома. Адразу па сканчэньні першай паловы сезону ў інтэрнэце сталі зьяўляцца заклікі да адстаўкі трэнерскага штаба ў складзе Юрыя Канаплёва, Васіля Дзятлава і Сяргея Чавідаева. Але перад другім колам “сіня-белыя” ўзмацніліся гульцамі Захарам Волкавым, Міхаілам Краўчуком і Аляксандрам Кучаравым. Гэта было правільным рашэньнем, бо Кучараў адразу ж прыняўся забіваць і працаваць на стварэньне атак, Краўчук таксама не згубіўся ў калектыве, а Волкаў наогул быў выкліканы ў моладзевую зборную Беларусі. Каманда пасля паўзы пачала паказваць ня проста стараннасьць, але і вынік. Большасьцю матчаў другога кола мы справядліва маем права ганарыцца, каманда гуляла як мае быць! Маглі замахнуцца на 5-е месца, усё было ў нашых руках, аднак пройгрышы “Дняпру” і “Прамяню” не дазволілі ўзьняцца вышэй за 7-ю пазіцыю.
КІРАЎНІЦТВА
У сувязі з такім вынікам трэба падзякаваць усім людзям, якія змаглі стварыць умовы для каманды. Ёсьць куды імкнуцца далей, варта паляпшаць транспарт, побыт каманды, аднак у час эканамічных праблем у Беларусі ўжо важна, што кіраўніцтва горада апекавалася клубам і рабіла захады дзеля таго, каб “Старт” удала выступаў у чэмпіянаце. Безумоўна, хочацца, каб і надалей кіраўніцтва горада рабіла для каманды ўсё магчымае, тады будуць і вынікі, і людзі на трыбунах!
ГЛЕДАЧЫ
Людзей якраз было ня так шмат, як магло быць. У канцы лета і ўвосень колькасьць гледачоў яўна зьнізілася, трыбуны на хатніх матчах былі даволі пустымі. Мы прызвычаіліся да лічбы ў 1000 гледачоў, а ў канцы сезону, калі аршанцы змагаліся за 5-ю пазіцыю, паказчыкі істотна зьнізіліся, цяпер 700 чалавек на матчы і баста. Плюс-мінус, “люфт” нязначны. Падзеньне наведваемасьці непарыўна зьвязана з забаўкамі на стадыёне – на жаль, іх пакуль практычна няма. Якасныя кропкі харчаваньня, конкурсы ў перапынках, нарэшце, продаж атрыбутыкі – вось што ў першую чаргу варта зрабіць на стадыёне ў наступным годзе. Гэтага не хапае.
ФУТБАЛІСТЫ
Усе 26 матчаў у чэмпіянаце правёў толькі два футбалісты – Яўген Пракопчык і Ўладзіслаў Знак. А нападнік Аляксей Хадневіч стаў лепшым бамбардзірам клуба – 16 галоў у 25 матчах! Больш ва ўсім чэмпіянаце забіў толькі Мурат Хотаў з магілёўскага “Дняпра” – 18. Другім бамбардзірам “Старта” пасьля Хадневіча стаў Аляксандр Кучараў – 5 мячоў. Упэўненай гульнёй у браме адзначыўся Вячаслаў Камінскі, шмат карысьці прынесьлі Дзьмітры Вусачоў, Валеры Мараў, Іван Магаль, Максім Грачыха, Дзьмітры Жданок і іншыя.
ФУТБОЛЬНАЯ ШКОЛА ОРШЫ
Самая важная праблема, за якую трэба прыняцца людзям, якія кіруюць клубам – уласная футбольная школа. Пакуль у Оршы вялікія праблемы з трэнерамі, выхаваньнем футбалістаў, умовамі для трэніровак. Юных футбалістаў, якія гатовыя гуляць на ўзроўні 1-й лігі, сярод аршанцаў вельмі мала, вынікі юнацкіх каманд выклікаюць незадаволенасьць. Зьмену пакаленьняў аршанскіх футбалістаў паўнавартасна зрабіць, напэўна, немагчыма. Замест цэлага шэрагу добрых мясцовых гульцоў, якія скончылі кар’еру ў мінулыя сезоны на зьмену амаль нікога. За гэты сезон селі на лаўку запасных Мікалай Кітаёў і Віталь Данілкоў, якія раней вельмі многае значылі для клуба. Кітаёў правёў 13 матчаў, Данілкоў 3, са стартавых хвілін яны наогул не зьяўляліся на полі. Трэнеры вельмі мала давяралі іншым аршанскім футбалістам, а аднаго з найбольш таленавітых юных гульцоў – Андрэя Раманава хоць і ўнесьлі ў заяўку, але на поле ня выпусьцілі. Калі адэкватная сістэма падрыхтоўкі маладых кадраў у Оршы так і не зьявіцца, тады ў клубе ў хуткім часе зусім не застанецца аршанцаў. Пакуль жа толькі адзін аршанец стабільна гуляе ў аснове – Ўладзіслаў Знак. Ён зьяўляецца і адным зь лідэраў клуба.
ФАНАТЫ
Сёлетні сезон можна назваць даволі ўдалым для нас. Фанацкая актыўнасьць упала па ўсёй краіне, ня стала выключэньнем і Орша, а вось наша прадстаўніцтва на многіх важных выправах парадавала. Адзінае, з прынцыповых для нас выпраў не ўдалося нармальна прабіць гасьцявую гульню супраць “Гомеля” ў першым туры, там быў толькі 1 фанат “Старта”. Затое выправы да менскага “Тарпеда”, магілёўскага “Дняпра”, апошняя выправа сезону на матч супраць сьветлагорскага “Хіміка” былі даволі масавымі, у гэтыя гарады паехала больш людзей, чым часам прыходзіць на сектар у нас дома. За гэты сезон многія з нас зразумелі важнасьць падтрымкі клуба на гасьцявых матчах, дзе ўвесь стадыён супраць цябе.
Поўная статыстыка сезону-2016 па спасылцы: http://orshafans2.livejournal.com/84089.html.