"Узлёт" выступае ў дывізіёне Б чэмпіянату краіны. Крызіс у беларускім валейболе, яго фінансавы заняпад прывялі да новых праблем. Сёлета ў дывізіёне Б выступяць толькі 5 каманд. Гэта "Узлёт" з Оршы, "Камунальнік" з Гародні, "Атлант" з Паставаў, менскія РДУАР-1 і РДУАР-2.
У мінулым сезоне шмат гаварылася пра тое, што з сезону-2016/17 аршанцы пераедуць у спартовы комплекс "Алімпіец", які быў пабудаваны на грошы "Газпрома" за Лядовай арэнай. Аднак адміністрацыя новага спартовага комплексу, дзе даволі высокія кошты выстаўлены нават за наведванне дзіцячых секцыяў, запрасіла ў валейбольнай каманды грошы за арэнду комплекса на матчы. Безумоўна, "Узлёт" не мае велізарнага бюджэту, каб дазволіць сабе такое дарагое задавальненне. Такім чынам, "Узлёт" працягне гуляць у спартовым комплексе па вуліцы Якубоўскага, 77, побач з заводам "Легмаш".
Варта адзначыць, што "Узлёт" даўно стаў гонарам Оршы, мае сваю пастаянную публіку, абсалютна кожны матч каманды ў Оршы выклікае вялікі ажыятаж. Балкон спарткомлекса на Якубоўскага заўсёды заняты людзьмі, вольных месцаў не бывае ніколі, нават на матчах з самымі слабымі камандамі лігі. У сезоне-2015/16 "Узлёт" заваяваў срэбраныя медалі дывізіёну Б.
У 2016 годзе аршанская каманда святкуе свой 20-гадовы юбілей — рэдкі клуб у Беларусі можа пахваліцца такім узростам. Тут безумоўны камплімент кіраўнікам клуба, якія год за годам аказваюць дапамогу камандзе, трэнерам і валейбалістам, якія выходзілі на пляцоўку ва ўсе, кепскія і добрыя часы. Дзякуючы ім, а таксама адданым заўзятарам, "Узлёт" стаў адным з сімвалаў Оршы. І гэта нягледзячы на тое, што ў цэлым на валейбол вылучаюцца малыя грошы, заробкі валейбалістаў вельмі сціплыя, а рэкламы валейбольных матчаў амаль нідзе не пабачыць. Калі бюджэт "Узлёта" павялічыць, да таго ж зрабіць хаця б крыху атрыбутыкі, папулярнасць клуба яшчэ больш павялічыцца.
Матчы "Узлёт" - "Камунальнік" пройдуць 19-га лістапада (18:00) і 20-га лістапада (12:00). Месца: с/к па вуліцы Якубоўскага, 77. Падтрымаем нашу каманду!