У новым, ужо 13 туры чэмпіянату Беларусі па міні-футболе аршанскі "Вітэн" у гасцявым матчы ў Гомелі згуляе з лідэрам сезону ВРЗ. Каманда з Палесся за папярэдні тузін матчаў прайграла толькі аднойчы, а ў астатніх адзінаццаці паядынках здабыла перамогі і мае ўжо 33 пункты. У "Вітэна" 22 і 6-я пазіцыя. Бліжэйшымі ж пераследвальнікамі ВРЗ (былога "Ветразя") з'яўляюцца "Сталіца" і "Дарожнік", у якіх 27 і 26 пунктаў адпаведна. Гульня з ВРЗ будзе вельмі адказнай, а перамога дазволіла б "Вітэну" падабрацца бліжэй да лідэраў.
Нападнік аршанцаў Гіоргі Цікурышвілі напярэдадні быў выкліканы ў зборную Грузіі, што пацвярджае - за беларускім чэмпіянатам, і, у прыватнасці, за "Вітэнам" уважліва сочаць.
Матч ВРЗ - "Вітэн" пройдзе 26-га лістапада ў Гомелі ў спартовым комплексе "Лакаматыў" і пачнецца а 15:00.