І абаронца Захар Волкаў, і паўабаронца Аляксандр Кучараў выступалі за “Оршу” ў другой палове сезону-2016, яны сур’ёзна дапамаглі аршанскаму футбольнаму клубу дасягнуць найвышэйшага выніку ў гісторыі незалежнай Беларусі – 7-га месца ў першай лізе. Волкаў згуляў за “сіня-белых” 14 матчаў і ў канцы сезону атрымаў запрашэнне ў моладзевую зборную Беларусі! Упершыню гулец “Оршы” быў выкліканы ў зборную, няхай і моладзевую. Што датычыць Кучарава, дык Аляксандр раскрыўся ў “Оршы” яшчэ хутчэй за Волкава, забіў ужо ў стартавым матчы. У чэмпіянаце на ягоным рахунку таксама 14 матчаў, а забіў ён 5 галоў і стаў другім пасля Аляксея Хадневіча бамбардзірам каманды.
Але і Волкаў, і Кучараў належаць ФК “Віцебск” з Вышэйшае лігі. Клуб выказаў у іх зацікаўленасць, і арэнда не была падоўжаная. Абодва гульцы забраныя “Віцебскам” назад, паведаміў дырэктар “Віцебска” Мікалай Вайцюхоўскі. Аршанцы ж страцілі дваіх важных футбалістаў.
Перад чэмпіянатам-2017 яшчэ шмат часу падумаць, як узмацняцца, якім складам гуляць. Ну і, вядома, адказным за аршанскі футбол пара даўно рупіцца пра ўзмацненне аршанскай футбольнай школы, дзе пакуль назіраецца дэфіцыт трэнераў, фінансаў, базы, усяго неабходнага. Гэты сезон парадаваў аршанскіх аматараў гульні №1, самы час ужо сёння закласці базу будучых поспехаў.