Футбольны клуб "Орша", як і прадказваў наш сайт, адмовіўся ад павышэння ў 1-ю лігу. Асноўная прычына — фінансы. Такім чынам, наступны сезон "сіня-белыя" правядуць у 2-й лізе.
Цікавай выглядае сітуацыя, пры якой дзейным футбалістам клуба ставіцца задача па выніках сезону-2014 заваяваць пуцёўку ў 1-ю лігу. Задача-задачай, але далёк не факт, што ў клуба знойдуцца грошы на павышэнне і праз год. Тым больш што для 1-й лігі трэба прайсці працэдуру ліцэнзавання і падпісаць з гульцамі прафесійныя кантракты.
Надыходзіць час, калі клуб мусіць сам зарабляць хоць якія-небудзь грошы. Дзяржаўная падтрымка - гэта не выйсце, тым больш для высокіх задачаў. А прыклады, калі клуб імкнецца зарабляць самастойна, ёсць. Жаночы футбольны клуб "Бабруйчанка" валодае некалькімі абутковымі крамамі ў Бабруйску. Ды і ў нашым горадзе ёсць станоўчы прыклад - валейбольны клуб "Узлёт". Фінансавая дапамога яму аказваецца піўным барам. Нават у складаных фінансавых умовах, у якіх знаходзіцца Беларусь, некаторыя клубы зарабляюць грошы. Чаму б не паспрабаваць і "Оршы"?