Кніга "Быў у пана верабейка гаварушчы" - гэта зборнік асобных апавяданняў з падарожжаў аўтара па краіне. Як журналіст, Зміцер шмат падарожнічае, прычым выбірае для сваіх падарожжаў цікавыя вёскі, у якіх жывуць цікавыя людзі. Таму і прэзентацыя была не ў Оршы, а ў вёсцы каля горада. Частка гэтых падарожжаў потым становяцца радыёперадачамі або асобнымі артыкуламі, частка ўвайшла ў гэтую кнігу.
Названа кніга па назве аднога з апавяданняў, змешчаных у зборніку. Гісторыя пра тое, як вяскоўцы, што прыслугоўвалі свайму пану, упершыню пабачылі размаўляючую птушку. Быў гэта, канешне, папугай, але сяляне палічылі яго нейкім незвычайным вераб'ём, які распавядае свайму гаспадару дзе нашкодзілі яго слугі, пакуль той адсутнічаў. Каб заткнуць "верабейку" рот, а пан ні пра што не здагадаўся, вяскоўцы зашылі птушцы анальную адтуліну. З-за чаго тая хутка і памерла. Расказваючы Змітру гэтую гісторыю, старая бабуля агаварылася, сказаўшы, што памёр ад жудаснай аперацыі не папугай, а сам пан. Але сапраўды, пасля рэвалюцыі і пан нядоўга пражыў на Беларусі, а потым і самі сяляне патрапілі "пад аперацыі" бальшавікоў. Ды і ўвогуле, у 20-м стагоддзі шмат каму "закрывалі рот" не меньш жудаснымі аперацыямі - так аўтар патлумачыў назву зборніка.
Увогуле прысутныя, канешне, чакалі ад Змітра гумару. Яны яго і атрымалі - аўтар выбіраў і зачытваў найбольш вясёлыя творы, хаця кніга, якая распавядае пра жыццё беларусаў у 20-м стагоддзі, наўрад ці можа быць вясёлай у цэлым.
Вашай увазе фотаздымкі і відэаўрыўкі з прэзентацыі.
На фота: Зміцер Бартосік і гаспадар аграсядзібы Ігар Грышанаў
На фота: Зміцер Бартосік з кнігай
На фота: аўтар зачытвае ўрывак з кнігі
На фота: вокладка кнігі
На відэа: Зміцер Бартосік пра веру ў Лукашэнку
На відэа: Зміцер Бартосік пра жыццёвыя показкі