Чэмпіянат свету па гандболе працягваецца ў Францыі. Зборная Беларусі ў матчы 1/8 фіналу гуляла са шведамі. Фаварытамі расцэньваліся менавіта скандынавы. Беларусам не ўдалося навязаць супернікам сваю гульню, больш за тое, шэраг памылак у першым тайме задоўга да канца сустрэчы пазбавіў нашу каманду шанцаў. Не задаліся першыя хвіліны сустрэчы і для Вячаслава Салдаценкі. Брамнік, які пачынаў сваю кар'еру ў роднай Оршы, прапусціў 7 мячоў пасля 7 кідкоў. Адсутнасць ратавальных дзеянняў прымусіла трэнераў да канца першай паловы замяніць Салдаценку на Івана Мацкевіча. На пачатку другі брамнік каманды браў хоць нейкія кідкі, але затым яго ккд, на жаль, рэзка знізіўся. На перапынак беларусы сыходзілі з пасівам у цэлых 13 мячоў - 11:24.
У другой палове беларусам па-ранейшаму мала ўдавалася. Пасля няўдач Мацкевіча на пляцоўку вярнуўся Салдаценка і згуляў крыху лепей, чым у першым тайме. Усяго за гульню ён парыраваў 5 кідкоў з 29, агульны каэфіцэнт надзейнасці склаў 17%. Шведы ў другім тайме ўжо не настолькі імкнуліся ісці наперад і спакойна давялі паядынак да перамогі і, адпаведна, свайго выхаду ў чвэрцьфінал - 40:22. Далей турнір працягваецца без беларусаў.