Мерапрыемства з нагоды вываду савецкіх войскаў з Афганістана традыцыйна прайшлі ў Оршы на пляцоўцы каля помніку загінулым у гэтай вайне землякам. Сцэнар святкавання быў традыцыйным: масоўку склалі навучэнцы навучальных установаў, мілітарысцкі антураж стваралі людзі ў форме казакоў, клуба "Русічы", службоўцы "Унутраных войскаў". Выступоўцамі сталі як удзельнікі самой вайны, так і афіцыйныя асобы горада. Скончылася мерапрыемства ўскладаннем кветак.
Нагадаем, што Савецкае ўварванне ў Афганістан адбылося ў 1979 годзе з мэтай узброенага звяржэння кіраўніка гэтай краіны і ўстанаўленне там больш лаяльнага камуністам урада. Штурм палаца кіраўніка краіны адбыўся 27 снежня спецпадраздзяленнем КДБ. Пад час штурма Хафізулла Амін быў забіты, а СССР паспрабавала выдаць гэта за бунт Афганцаў. Праўда, рэальны бунт давялося потым суцішваць, як раз, вайсковай групоўкай СССР у склад якой уваходзілі і многія ўраджэнцы Аршаншчыны. Вайна ішла амаль 10 год - войскі СССР свае вывеў у 1989 годзе. У выніку, СССР страціў больш за 15.000 чалавек забітымі і амаль 54.000 было паранена. Пры гэтым, фінансавыя выдаткі на вайну і сталі адной з прычынаў развалу СССР.