Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) працягвае актыўны збор подпісаў за адмену Дэкрэту № 3 аб сацыяльным утрыманстве (назва ў народзе: падатак на дармаедаў). Як паведаміў прадстаўнік прафсаюзу РЭП Васіль Бераснеў, за скасаванне Дэкрэту на Аршаншчыне падпісаліся звыш 3 тысячаў чалавек, і гэта яшчэ не канец. Падпісныя лісты працягваюць паступаць. Таксама прадстаўнікам РЭПа рэгулярна паступаюць пытанні ад грамадзянаў, як ім можна юрыдычна абараніцца ад выплаты падатка. Некалькі чалавек уступілі ў прафсаюз, каб абараняць свае правы.
Па словах Васіля Бераснева, улады цяпер і самі не радыя таму, што ў свой час Дэкрэт быў уведзены. Таму цяпер магчымыя захады на залагоджванне канфлікту з грамадствам, хаця спадзявацца на тое, што скасаванне падатку адбудзецца наўпрост цяпер, не выпадае. Аднак вельмі верагодна, што ўлады паспрабуюць мякка выйсці з сітуацыі і абысціся без буйных канфліктаў. Калі раней Беларусь магла хваліцца нізкім узроўнем афіцыйнага беспрацоўя, то цяпер Дэкрэт агаліў сапраўдныя маштабы незанятасці працаздольнага насельніцтва. У прафсаюзе РЭП лічаць, што ва ўлады ўжо ёсць пэўныя сумневы наконт таго, ці варта браць грошы з без таго абяскроўленага насельніцтва, фінансавы стан якога не на вышыні. Вялікая колькасць аршанцаў не збіраецца плаціць падатак, а ў выпадку далейшых захадаў улады, людзі рыхтуюцца бараніць свае правы ў судах. 17 лютага ў Менску прайшоў Марш абураных беларусаў, у якім бралі ўдзел і жыхары Оршы.
У тэму: У каго падпісацца ў Оршы?