У гэтым месяцы ціск на актывіста кампаніі "Гавары праўду" узмацніўся як ніколі. Яшчэ за час сваёй работы старэйшынам вёскі Стаўры колькасць сустрэчаў з праваахоўнымі органамі год ад году расла ў геаметрычнай прагрэсіі і нават пасля таго, як ён сыйшоў з пасады гэты ціск не зменьшыўся, больш за тое, набыў новыя формы - на актывіста завялі крымінальную справу.
Справа гэтая пачыналася, можна сказаць, яшчэ ў мінулым годзе - пасля чарговага канфлікту паміж сельсаветам і незвычайна актыўным старэйшынам вёскі, старшыня Бабінічскага сельсавету Матвеева звярнулася да праваахоўнікаў з просьбай праверыць газавы кааператыў вёскі, якім на той момант кіраваў Грышанаў. Спробы ініцыяваць праверку кааператыва распачаліся яшчэ ў жніўні - у самы разгар парламенцкай выбарчай кампаніі. А з кастрычніка праверкай занялася міліцыя.
За амаль паўгады праверкі, справа перайшла ў зацяжную вялацякучую валакіту. Але ў сакавіку ў Оршы была запланаваная першая за доўгія гады вулічная акцыя пратэсту. У ноч з 6-га на 7-е сакавіка (нагадаем, што 6-га чысла адбыўся вобшук на Чырвонаармейскай, 13) невядомыя забраліся ў будынак аграсядзібы "Пуцяціна", якая знаходзіцца ў Стаўрах і належыць Грышанаву. Па-сутнасці, гэта быў крадзёж, але злачынцы дзейнічалі надта не тыпова: змаглі адчыніць сэйф, забраць дакуманты, вінчэсцер ад кампутара, пры тым, што ў хаце было шмат каштоўнага, з таго што можна прадаць злачынцы забралі металічныя лыжачкі. Грышанаў не сумняецца - гэта быў нелегальны вобшук сілавых структураў.
11 сакавіка пра праверку кааператыва сілавікі ўзгадалі зноў. Амаль ноччу, а 22 гадзіне следчы праз тэлефон настойліва прасіў Грышанава прыехаць у міліцыю для таго каб прывесці адзін з дакумантаў. Грышанаў пагадзіўся прыехаць раніцай. Падчас размовы, запісанай на дыктафон, міліцыянт казаў пра "матэр'ялы праверкі", а раніцай аказалася, што праверка ўжо не вядзецца, бо 11 сакавіка а 11 гадзіне раніцы была заведзена крымінальная справа (ці то следчы проста памыліўся ці справа была аформлена заднім чыслом). Затрыманы Грышанаў быў за дзве гадзіны да акцыі пратэсту супрацоўнікамі ДАІ. Яго машыну спынілі ў раёне Рэм.завода каля запраўкі. Машыну пакінулі на Раніцы, а самога актывіста даставілі ў РАУС, дзе ім ужо заняліся супрацоўнкіі АБЭП. Затрымалі яны Грышанава на трое сутак. Звычайна такое робіцца, калі віна падазраванага ўжо амаль даказана і не хапае толькі некаторых фармальнасцяў, або калі ёсць пагроза, што падазраваны зробіць яшчэ нешта супрацьпраўнае. То бок, пасля такога затрымання людзей вядуць толькі ў суд. Грышанаў жа праз трое сутак быў на свабодзе і пісаў скаргі са сваім адвакатам. Інкрымінуюць яму па гэтай крымінальнай справе растрату некаторай сумы газавага кааператыва, якую за паўгады следства даказаць так і не змаглі.