Працягваецца працэс "пад'ёму Оршы з руінаў і попелу". Для выпрацоўкі канцэпцыі развіцця рэгіёну ў Оршу ледзь не кожны дзень цяпер прыязжаюць чыноўнікі вышэйшага эшалону. Пра вынікі гэтых візітаў, праўда, паведамляецца мала і паведамляе пра іх толькі дзяржаўная інфармацыйная агенцыя БелТА.
Як паведамляе БелТА, пад час візіта ў Оршу Андрэя Кабякова - прэм'ер-міністра краіны - былі разгледжаны пытанні двух прадпрыемстваў - Аршанскага інструментальнага завода і Ільнокамбінату. Інструментальны завод, які даўно знаходзіцца ў цяжкім становішчы - прадпрыемства з 2015 года спрабуе вырашыць пытанне запазычанасцей, якія прывялі да арышту рахункаў завода - можа атрымаць ад ураду 62,57 мільёнаў даляраў на сваю мадэрнізацыю. Калі ўрад канчаткова пагадзіцца на выдзяленне сродкаў, то для інструментальшчыкаў будзе пабудаваны дадатковы вытворчы корпус, закуплена новае абсталяванне і завод зможа выпускаць каля 400 відаў новай прадукцыі, якія стануць замяшчаць імпартныя інструменты. Праўда, ужо ў першым на гэтую тэму інтэрв'ю Кабякоў узгадаў і няўдалую мадэрнізацыю дрэваапрацоўчай галіны.
Для развіцця Ільнокамбінату плануецца стварыць агульны вертыкальна інтэграваны холдынг, які стане займацца ўсім працэсам работы з ільном - ад вырошчвання да рэалізацыі гатовай прадукцыі.