Пасля выступу прэзідэнта перад парламентам, пад час якога ён загадаў "падняць Оршу, Барань і Балбасава" з руінаў і попелу ў Оршу кожны тыдзень прыязжаюць чыноўнікі вышэйшага рангу. Мінулыя два тыдні сталі не выключэннем: такіх чыноўнікаў у Оршу прыехала яшчэ два. 12-га мая ў Оршу прыехаў міністар адукацыі Ігар Карпенка, які і сам на пасадзе яшчэ не так даўно. Ігар Карпенка правёў у нашым горадзе выязное паседжанне калегіі свайго міністэрства дзе былі разгледжаны як агульнарэспубліканскія пытанні (падрыхтоўка кадраў для сістэмы адукацыі), так і непасрэдна пытанні адукацыі ў Аршанскім раёне (паляпшэнне матэр'яльнай базы аршанскіх навучальных установаў і падвышэнне эфектыўнасці работы мясцовых кадраў).
На мінулым тыдні ў раён прыехаў прадстаўнік прэзідэнта па Віцебскай вобласці Аляксандар Пазняк. Ён правёў адкрыты прыём грамадзян у Копысі. Копысь не ўваходзіць у спіс населеных пунктаў, якія загадана "падняць", але яшчэ раней з гэтай вёскі запланавана зрабіць узорна-паказальную.