Пасля здабыцця незалежнасці і раскрыцця праўды пра Сталінскія рэпрэсіі, Літоўская рэспубліка паставіла сабе мэтай знайсці кожнага чалавека, які пацярпеў ад іх. Для гэтага быў створаны адмысловы даследчы цэнтар. Навукоўцы новага цэнтра спрабавалі знайсці аднаго з кіраўнікоў каталіцкай царквы, але высветлілася, што на месцы дзе ён быў пахаваны былі пахаванні яшчэ каля тысячы чалавек - так пры даследчым цэнтры з'явіўся музей "Тускулена", па назве ўрочышча дзе былі пахаванні. За доўгія гады працы даследчыкаў яны назапасілі вельмі карысны досвед. У тым ліку, выпрацавалі методыку пошуку масавых пахаванняў без археалагічных даследванняў. Менавіта гэтыя метады і цікавяць аршанскіх актывістаў, якія распачалі чарговы збор сведчанняў пра Сталінскія рэпрэсіі на Аршаншчыне.
Трое актывістаў на днях наведалі музей "Тускулена", дзе папярэдне дамовіліся аб супрацоўніцтве і правядзенні навучальных візітаў беларускіх дэлегацыяў у Вільню для вывучэння досведу працы літоўскіх навукоўцаў. Першыя візіты павінны прайсці ўжо ў гэтым годзе.
Нагадаем, што нядаўна аршанскія грамадскія актывісты распачалі кампанію па зборы інфармацыі пра Сталінскія рэпрэсіі на Аршаншчыне. Яны просяць адгукнуцца людзей, якія валодаюць нейкай інфармацыяй пра падзеі тых часоў (быў сам сведкам, або памятае гэта з расказаў родзічаў ды сяброў) на электронны адрас нашага сайту, пакінуўшы свой кантакт і кароткі расповед. Актывісты гатовы самі прыехаць да вас, каб запісаць тыя ўспаміны ў зручны для вас час і месца. Электронны адрас нашага сайта: [email protected]. Кампанія распачата для таго, каб не даць знішчыць месца масавых рэпрэсіяў у Харкаўскім лесе (уздоўж Магілёўскай шашы) да якога падсоўваецца будаўніцтва.
На фота: той самы Вінцэнт Барысевічус, святар дзякуючы пошукам якога было раскрыта месца пахавання ахвяраў рэпрэсіяў "Тускулена"
На фота: Службовая вопратка Барысевічуса
На фота: падлога музея "Тускулена" - абутак знойдзены пад час раскопак. У зямлі "Тускулена" такіх параў было каля тысячы. Знойдзены пакуль не ўсе
На фота: насупраць партрэта Барысевічуса вісіць патрэт яго забойцы
На фота: і службовая вопратка забойцы
На фота: у музеі знаходзіцца шмат дакументаў у адлічбаваным і папяровым выглядзе
На фота: з дакумантамі можа азнаёміцца любы ахвотны і знайсці імёны забітых і тых хто выконваў загады пра забойствы